XV Беларускі Трыялог у Крынках (абноўлена)



„Мы ведаем, што значыць быць беларусам, і разумеем, што такое беларускасць. Цяпер мы хочам, каб пра гэта дазналіся ў Польшчы“, – падводзіць вынікі Беларускіх Трыялогаў у Крынках прафесар Лявон Тарасэвіч. Паводле яго, важна, каб беларуская культура, літаратура, мастацтва і палітыка былі прадстаўлены на самым высокім узроўні:

– Мы хочам, каб асоба Сакрата Яновіча, асобы іншых людзей, адметных для нашай культуры, наша  гісторыя, культура былі адкрытымі, каб іх маглі пазнаць іншыя людзі на ўзроўні вышэйшай культуры. Стараемся першыя гады па смерці Сакрата, каб гэтая справа не спынілася, каб гэта было, жыло і давала плён.

„Беларускія Трыялогі“, якія спалучаюць людзей розных нацыянальнасцяў і розныя напрамкі культуры, літаратуры, гісторыі і мастацтва, запачаткаваў 15 гадоў таму беларускі пісьменнік і публіцыст Сакрат Яновіч, ураджэнец Крынак. Паводле традыцыі, вынікам Трыялогаў стане выданне чарговага нумару часопіса Annus Albaruthenicus.

* * *

Беларуская гісторыя – гэта гісторыя незвычайнага поспеху. Прафесар Алег Латышонак аспрэчвае міф пра тое, што беларусам увесь час нешта не атрымліваецца, а незалежнасць ім практычна „звалілася ў рукі“. Паводле гісторыка, варта памятаць пра тое, што беларускі народ фактычна ўзнік у пачатку 20-га стагоддзя, а напрыканцы стагоддзя ён ужо меў уласную дзяржаву:

 – Трэба бачыць спецыфічныя беларускія праблемы. Безумоўна, гэты народ не такі, як  тыя народы, у атачэнні якіх ён жыве. Гэта таксама вынік працэсу, паскоранага праз знешнія чыннікі. Гэта паказалі і працэсы ва Украіне. Грамадскія структуры  не дзейнічаюць так, як мусяць дзейнічаць.

З такім меркаваннем катэгарычна не пагаджаецца польскі палітык, журналіст, дарадца прэзідэнта Камароўскага – Кшыштаф Круль:

-Беларускі народ у гэтай частцы Еўропы існуе значна даўжэй. Як бачым часамі ў ангельскай літаратуры ўжываецца такі тэрмін як “літва”. Вялікае Княства Літоўскае – гэта і ёсць Беларусь.

Зыходзячы з гэтага ды іншых гістарычных фактаў, дадае Кшыштаф Круль, беларусы – гэта аніякія не малодшыя браты расейцаў, а хутчэй наадварот.

Дыскусія на тэму міфаў у беларускай палітыцы адбылася ў межах Беларускіх Трыялогаў у Крынках.

* * *

Міфы пра беларускасць і беларусаў у Крынках. На Падляшшы, у месцы нараджэння выбітнага пісьменніка і публіцыста Сакрата Яновіча, праходзяць 15-ыя Беларускія Трыялогі.

DSC08921

Паводле арганізатараў, а гэта фонд „VillaSokrates”, сёння не хапае новага погляду на развіццё беларуска-польскіх дачыненняў, а культура міфічнай Беларусі надалей уплывае на спадчыну сучаснай Еўропы.

Ці ў Польшчы існуе больш негатыўнае ўяўленне пра Беларусь, чым пазітыўнае? Вядомы журналіст Андрэй Пачобут кажа, што гэта не так. На яго думку, палякі ў пэўным сэнсе спачуваюць беларусам, і нельга казаць пра нейкі негатыўны міф.

У той жа час ён называе іншы міф, які існуе ў еўрапейскіх краінах, у тым ліку і ў Польшчы – гэта тое, што беларусы масава падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку:

– Такое ўражанне, што памятаюць сітуацыю з 90-х гадоў, калі гэтая падтрымка была аўтэнтычная, моцная і сапраўдная. Але ўжо мінула 20 год, беларускае грамадства за гэты час змянілася, бо як часта бывае, у Беларусі адбываецца нейкая выбарчая кампанія, прыязджаюць журналісты, едуць на вёску, прыходзяць да бабулі, бабуля кажа: “Лукашэнка, толькі Лукашэнка”. Такі вось вобраз трапляе, але на сённяшні мамант большасць беларусаў жыве ў гарадах, вельмі шмат карыстаецца інтэрнэтам, і гэта падтрымка Лукашэнкі збольшага з’яўляецца міфам.

“Сапраўды, ёсць вялікі працэнт людзей, які падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку, але гэта далёка не ёсць масавая з’ява”, – падкрэслівае Андрэй Пачобут.

Журналіст прымае ўдзел у Беларускіх Трыялогах, якія праходзяць у Крынках на Падляшшы. Сёння тут адбываюцца дыскусіі, якія тычацца тэмы беларускіх мітаў у культуры, літаратуры і палітыцы.

* * *

“Палякі толькі пачынаюць разумець агульнасць гістарычных каранёў з беларусамі.  Гэтая супольнасць сягае найперш у часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай”.

Такое меркаванне выказвае польскі палітык, дыпламат і творца Славамір Ратайскі, які прымае ўдзел у сёлетніх Беларускіх Трыялогах у Крынках.

“Аднак пакуль што думка пра супольную спадчыну існуе пераважна ў колах інтэлектуалаў ды гісторыкаў, якія спрабуюць пашыраць свае меркаванні”:

– Гэта паказанне істотнасці беларусаў у нашай культуры. Гэта бачанне Беларусі, як нашага брата, суседа з якім мы пражылі некалькі соцень гадоў разам. Трэба сказаць, што палякі ў Польшчы ўвесь час, мне падаецца, што і ў Беларусі, знаходзімся трохі ў ценю таго, што вынікала з выхавання ў перыяд, калі панавала агульная сістэма – аднапартыйнасць, таталітарызм і г.д. Мы былі выхаваныя з такім пачуццём нацыянальнай замкнутасці.

Славамір Ратайскі дадае, што каб у Польшчы змянілася ўспрыняцце Беларусі і беларусаў, неабходная змена пакаленняў. Хоць дадае, што ўжо існуюць асяродкі, у якіх гучаць думкі пра супольнасць гісторыі, а таксама польскага і беларускага народаў.

* * *

Як сёння ў свеце ўспрымаецца Беларусь? Чаму беларусы ведаюць пра палякаў шмат, а палякі пра беларусаў мала? На гэтыя ды іншыя пытанні спрабуюць адказаць удзельнікі дыскусій, якія праходзяць у межах Беларускіх Трыялогаў у мясцовасці Крынкі на Падляшшы.

На думку беларускага музыкі Лявона Вольскага, беларуская культура цяпер уведзеная ў рамкі “гета”, а культурніцкі беларускі міф – знішчаецца афіцыйнай уладай:

– Пры Савецкім Саюзе быў такі культурны міф, што існуюць людзі культуры, якія дасканала валодаюць беларускай мовай, нясуць гэтую Беларусь у сабе – гэта вельмі паважаныя пісьменнікі, мастакі. Вось гэта эліта была элітай, цяпер гэты міф зруйнаваны праз сур’ёзныя намаганні нашай так званай палітычнай эліты. Цяпер міф беларускай культуры практына не існуе ў шырокіх масах.

Дыскусіі ў Крынках праходзяць у трох частках, якія тычацца культуры, літаратуры і палітыкі. Гэта другія Беларускія Трыялогі, якія арганізуюцца пасля смерці іх заснавальніка, ураджэнца Крынак, Сакрата Яновіча. Тэмай сёлетніх Трыялогаў абраны “Беларускі міф”.

[Not a valid template]

Алег Латышонак адзначае, што беларускія міфы існуюць розныя, і частка з іх паказвае Беларусь у не вельмі выгадным святле. Прафесар падкрэслівае, што Беларусь апошнім часам таксама сышла з першых старонак на фоне падзей ва Украіне:

– Вядома, што Беларусь і Украіна заўсёды былі звязаны лёсам. Так ці інакш для Беларусі таксама важна, што адбываецца – гэта жыццёвы інтарэс Беларусі, паколькі змаганне паміж Расеяй і Украінай, якое пачынае перарастаць у змаганне Усходу з Захадам, для Беларусі вельмі нявыгаднае. Беларусь мусіць зрабіць усё, каб скончылася гэта якім небудзь перамір’ем, бо ў іншым выпадку Беларусь таксама будзе ўцягнута ў гэты чорны вір.

Алег Латышонак прымае ўдзел у Беларускіх Трыялогах у межах дыскусій пра палітыку. Між іншым, удзельнікі абмяркуюць пытанні звязаныя з тым, як успрымаюць Беларусь і беларусаў у Еўропе і свеце, ды якія існуюць новыя магчымасці для пабудовы сучасных беларуска-польскіх дачыненняў.

* * *

Першы дзень Трыялогаў быў прысвечаны фатаграфіі ды музыцы, а сярод яго ўдзельнікаў – вядомы польскі гурт Karbido:

– Мы ўпершыню ў Крынках, а пра Сакрата Яновіча я даведаўся ад Юркі Асенніка. Гэта асоба, якую мы адкрываем для сябе.

Украінскі паэт і пісьменнік Юрый Андруховіч:

– Гэта адна з тэм, якія мяне страшна хвалююць, лёс колішніх мястэчак. Ну і ўласна гэта мультыкультурнасць гэтага свету, якая на жаль застаецца ў мінулым.

Беларускі гурт “Партманэ”:

– У Крынках нам усё падабаецца. Мы жывем на хутары, два кіламетры ад мяжы. Мы ўбачылі лес, мы ўбачылі людзей і больш на жаль нічога не паспелі, але ёсць такое адчуванне ментальнай блізкасці і знаёмасці.

У межах Беларускіх Трыялогаў пройдуць дыскусіі ў якіх сярод іншых возьмуць удзел: журналіст Андрэй Пачобут, музыка Лявон Вольскі, пісьменнік Міхась Андрасюк, польскі палітык Уладзімеж Цімашэвіч ды іншыя вядомыя асобы.

У другой палове дня гасцей чакаюць тэатр і кіно.

[Not a valid template]

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя