У Беларусі павялічыўся мінімальны стаж для атрымання пенсіі
У Беларусі з 1 студзеня 2016 года павялічыўся мінімальны стаж для атрымання пенсіі. Цяпер грамадзянам, якія разлічваюць атрымліваць пенсію па ўзросце, трэба мець страхавы стаж пятнаццаць з паловай год.
Каардынатар экспертнай супольнасці „Стратэгічная думка” Аляксей Харкевіч звяртае ўвагу на тое, што новаўвядзенні ў пенсійным заканадаўстве найбольш закранаюць жанчынаў:
– Пад пагрозу ставяцца маці, бо адпачынак па доглядзе за дзіцём не ўваходзіць у страхавы стаж. Канешне, кожнае нараджэнне дзіцяці, калі даводзіць яго дома да ўзросту трох гадоў, то гэта выдзёргвае тры гады страхавога стажу. З іншага боку ў нас ёсць норма, што маладыя маці могуць выхоўваць дзяцей і пасля трох гадоў – захоўваючы месца працы, не выходзячы на працу, то бок фактычна нешта накшталт за свой рахунак. Трэба разумець, што даглядаючы сваіх дзяцей, яны таксама не будуць атрымліваць неабходны стаж для атрымання пенсіі.
Прадстаўнік незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Віктар Казлоў мяркуе, што дзяржава імкнецца пазбягаць выканання сваіх сацыяльных абавязацельстваў:
– Калі ўспомніць, то мінімальны страхавы стаж быў пяць год. У 2014 годзе за адзін год гэту планку паднялі ў два разы – да дзесяці, і ў канцы года да пятнаццаці гадоў страхавога стажу. Усё гэта робіцца для таго, каб большасць тых, хто не мае гэтага страхавога стажу, а мае, напрыклад, трыццаць і больш гадоў агульнага стажу, плаціць сацыяльную пенсію.
Павелічэнне страхавога стажу ў Беларусі будзе адбывацца кожны год па 6 месяцаў да дасягнення 20-гадовага паказчыка ў 2025 годзе. У страхавы стаж не залічваецца перыяд навучання ў ВНУ, тэрміновая служба ў войску і дэкрэтны адпачынак па доглядзе за дзіцём.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель