Ці цікавяцца прадпрымальнікі палітыкай?



Падчас форуму прадпрымальнікаў, які прайшоў у Менску 11 студзеня, былая кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч заклікала ІП-эшнікаў да актыўнага ўдзелу ў будучай парламенцкай кампаніі, а некаторыя нават прапаноўвалі прадстаўнікам малога бізнесу выйсці з акцыяй пратэсту на плошчу. Цікавяцца сёння прадпрымальнікі палітыкай ці дыстанцуюцца ад яе?

Анатоль Лябедзька: Я шмат сустракаўся з прадпрымальнікамі і бачу, што час ідзе і людзі змяняюцца. Калі яшчэ некалькі гадоў таму з ІП-эшнікамі мы размаўлялі выключна на эканамічныя тэмы, то ў 2015 годзе ўжо наўпрост казалі, што вырашэнне іх праблем знаходзіцца ў палітычнай сферы. Адзначалі, што ў гэтым плане мы, як кажуць, адной групы крыві, а таму далучайцеся да нас. Толькі тады, калі мы зменім эканамічную стратэгію краіны (а гэта вырашаецца праз палітычныя інструменты), можна дасягнуць выніку. Мы наўпрост гаварылі пра тое, што трэба ісці ў палітыку. Вось тут, безумоўна, змены бачныя.

РР: Гэта гучалі вашыя прапановы. А як самі прадпрымальнікі адрэагуюць на такія заклікі?

Анатоль Лябедзька: Час пакажа, мы над гэтым працуем. Думаем, што ў спісе нашых спікераў абавязкова будзе 5-6 індывідуальных прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў сярэдняга бізнесу. Але яшчэ хацеў бы адзначыць, што беларускія ІП-эшнікі навучыліся выжываць у экстрэмальных умовах і навучыліся зарабляць у сёняшніх рэаліях, а таксама лавіраваць паміж нейкімі міністэрствамі і ведамствамі. Яны паспяхова займаліся эквілібрыстыкай паміж сотнямі інструкцый. Адзінае чаму яны не навучыліся, дык гэта пазбаўляцца страху. Калі я сустракаўся з людзьмі на рынках, то многія казалі, што подпісамі пад петыцыяй ужо нічога не вырашыш, неабходны больш рашучыя меры. Гэта было іх пасланне. Але як толькі прадпрымальнікі бачылі камеры “Белсата”, усе палохаліся і замаўкалі. Таму я ў той жа час разумею, што ІП-эшнікі сёння не гатовыя называць рэчы сваімі імёнамі. Яны могуць распавядаць пра добрага цара і дрэнных баяраў, але не ўсе да канца зразумелі, што сертыфікаты – гэта толькі маленькая праблема вялікага тупіка, у які вядзе ўлада.

Дарэчы, 18 студзеня я арганізоўваю на плошчы Незалежнасці акцыю салідарнасці з прадпрымальнікі і лічу, што гэта неабходна. Бо зараз знішчаць малы бізнес, а заўтра і сярэдні. Стаўку зробяць выключна на дзясятак алігархічных сем’яў ды на дзяржманаполію. Тады і гандляры, і пакупнікі будуць толькі ўзгадваць, што нешта своечасова не зрабілі.

РР: Але давайце прызнаемся, што зараз прадпрымальнікі ў сваёй большасці не хочуць, як кажуць, лезці ў палітыку…

Анатоль Лябедзька: Мяркую, што гэта не зусім так. Амаль 10 тысяч подпісаў падчас прзідэнцкай кампаніі мы сабралі менавіта на рынках з дапамогай прадпрымальнікаў. А гэта ўжо палітычныя дзеянні. Іншая рэч, што людзі проста не гатовыя масава ісці ў палітыку. Хоць там, дзе бяспечна, ІП-эшнікі палітыкаў падтрымліваюць. Яны гатовыя паставіць подпіс за Анатоля Лябедзьку і за праграму “Мільён новых працоўных месцаў”, але не маюць намеру ісці з адкрытым забралам на нейкітя акцыі пратэсту. Разам з тым, многія пагадзіліся ўдзельнічаць у такой форме пратэсту, як страйкі, што на сёння і мае месца быць.

РР: На ваш погляд, ці пойдуць улады насустрач прадпрымальнікам?

Анатоль Лябедзька: Толькі тады, калі будзе ціск. А ціск – гэта той жа страйк. Калі ён будзе масавым, то чыноўнікі заварушацца, і гэта можа даць вынік. Магчыма, будуць выкарыстаны і мірныя акцыі пратэсту. Улада разумее толькі гэтую мову.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: “Наша ніва”