Ці з’явіцца ў Косаве помнік Касцюшку? (абноўлена)



Гісторык Павел Дайлід лічыць вельмі слушнай прапанову грамадскага аб’яднання „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” да Міністэрства культуры  годна ўшанаваць памяць Тадэвуша Касцюшкі.

IMG_2712Аб’явіць конкурс на выраб коннай скульптуры Касцюшкі, якую можна ўстанавіць у Менску, а таксама на яго малой радзіме ў горадзе Косаве Берасцейскай вобласці. Кажа Павел Дайлід:

–  У Беларусі няма ніводнага помніка Тадэвушу Касцюшку! Калі не лічыць усталяваны помнік на тэрыторыі амбасады ЗША. А тым часам, памяць Касцюшкі ўшанаваная па ўсім свеце.

Жыхары Косава вельмі станоўча аднесліся да гэтай прапановы:

– Мы толькі за гэта!

– А грошы на помнік трэба збіраць з людзей, так?

– Хай паставяць. У нас ужо ёсць яму памятны знак, тут ягоная сядзіба знаходзіцца.

На думку Паўла Дайліда, наўрад ці Міністэрства з аптымізмам успрыме прапанову і пагодзіцца з ёю, улічваючы цяжкую эканамічную абстаноўку ў краіне.

IMG_6945

[Not a valid template]

* * *

Усталяваць конную скульптуру Тадэвуша Касцюшкі ў Косаве на Берасцейшчыне – такую ідэю падтрымліваюць прадстаўнікі берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада). Прапанову з’яўлення аб’екту агучыла Таварыстава беларускай мовы імя Францішка Скарыны, – паведаміў палітык Ігар Маслоўскі:

– Мы просім органы выканаўчай і прадстаўнічай улады садзейнічаць пашырэнню спадчыны Тадэвуша Касцюшкі і годна ўшанаваць ягоную памяць. Такімі мерапрыемствамі цягам года могуць быць усталяванне коннай скульптуры Касцюшкі на яго малой радзіме ў горадзе Косаве, назва шэрагу вуліц у яго гонар у населеных пунктах Берасцейскай вобласці, тэматычныя канферэнцыі, віктарыны, конкурсы, выданне тэматычнай літаратуры.

Таксама актывісты накіравалі зварот ад імя абласной арганізацыі партыі ў Берасцейскі абласны выканаўчы камітэт і Савет дэпутатаў з прапановамі правесці шэраг мерапрыемстваў з нагоды 270-ай гадавіны народзінаў Тадэвуша Касцюшкі.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце