Кіеў рыхтуецца да парада і візіту Меркель (абноўлена)
На усходзе Украіны не спыняюцца баі ўрадавых украінскіх сілаў з баевікамі. Тым часам Кіеў рыхтуецца да вялікага вайсковага парада прымеркаванага да Дня Незалежнасці, а таксама чакае канцлера Нямеччыны Ангелу Меркель.
Як успрымаюць ў Кіеве святкаванні, у час калі ўсход краіны ў агні, кажа журналіст з Кіева Паўло Зубюк:
– У грамадства ёсць некаторыя падазрэнні, што можна было гэты парад не рабіць, а скіраваць гэтую вайсковую тэхніку на правядзенне антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны. Ёсць таксама іншыя галасы, цалкам магчыма, што расейская армія паспрабуе зрабіць нейкую аперацыю ў Кіеве. Частка вайсковай тэхнікі знаходзіцца ў Кіеве – гэта паказвае, што сталіца абаронена.
Візіт Ангелы Меркель – гэта перш за ўсё сімвалічны візіт, а таксама вялікая маральная падтрымка, калі лідар найбуйнейшай краіны Еўропы будзе ў Кіеве:
– Калі лідар найбуйнейшай краіны Еўропы прыязджае ва Украіну, каб на свае вочы ўбачыць сітуацыю ў краіне – гэта такая вельмі вялікая маральная падтрымка. Таксама гучаць галасы пра тое, што будзе фактычна нейкая дамоўленасць пра прыпыненне агню ў той час, калі зараз важная кожная хвіліна, таму нейкія дамоўленасці пра прыпыненне агню могуць быць шкоднымі.
Пасля гарантый прадстаўленых на высокім узроўні Масквой, Кіеў не можа арганізаваць мытнага дагляду грузаў, сказаў Чуркін. Амбасадар Вялікабрытаніі ў ААН Марк Лаял Грант сказаў журналістам, што ніводная краіна не падтрымала Расеі ў пытанні адпраўкі гуманітарных грузаў для Данецка, а шматлікія сябры Рады назвалі гэта аднабаковым уварваннем Масквы.
Украіна напярэдадні Дня Незалежнасці адзначае дзень сцяга. Прэзідэнт Пятро Парашэнка адначыў падчас выступлення ў Кіеве, што прэзідэнт Расейскай Федэрацыі дапамог у абяднанні украінцаў. Гэтыя словы пацвярджае і незалежны журналіст з Кіева Паўло Зубюк:
– Тое, што адзінства Украіны ўзмацнілася не толькі на той тэрыторыі, напэўна ўсе памятаюць мапу 2004 года, калі тэрыторыя цэнтральнай і заходняй Украіны была за Юшчанку, а астатнія часткі за Януковіча. На дадзены момант тэрыторыя аб’яднанай, можна так сказаць, Украіны вельмі пашырылася – гэта і Адэская вобласць, Херсонская вобласць, Днепрапятроўская вобласць, Запарожская вобласць. Я размаўляў учора са сваім сябрам з Херсоншчыны, там як раз усе гарады ў сіне-жоўтых сцягах, людзі самі вывешваюць сцягі на будынках, на сваіх крамах.
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка спадзяецца, што дыялог у Менску 26 жніўня з удзелам кіраўнікоў краін Мытнага звяза, Украіны і прадстаўнікоў ЕЗ будзе інтэнсіўны і гаворка пойдзе найперш пра мір.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя