Беларусь не змагла дамовіцца з Расеяй пра зніжку на газ



Дамоўленасці па зніжцы на расейскі газ для Беларусі ў 2016 годзе няма, заявіў 13 студзеня ў Маскве намеснік міністра энергетыкі Расейскай Федэрацыі Анатоль Яноўскі.

„Пакуль не дамовіліся, новай даты сустрэчы няма”, – сказаў ён наконт перамоў, якія вялі віцэ-прэм’еры Расеі і Беларусі Аркадзь Дварковіч і Уладзімір Сямашка.

Пры гэтым, паводле інфармацыі ТАСС, Яноўскі дадаў, што размова ідзе ўжо не пра 10-працэнтнае зніжэнне, яны прыйшлі з іншымі прапановамі – „абсалютнымі лічбамі”.

16 снежня віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што бачыць „падставы для істотнага зніжэння цаны расейскага газу з 1 студзеня” і што дамовіцца пра канкрэтную цану і падрыхтаваць адпаведныя дакументы бакі плануюць да 21 снежня. Паводле інфармацыі Сямашкі, цяпер цана за расейскі газ на мяжы Беларусі складае 142 даляры 37 цэнтаў за тысячу кубаметраў.

18 снежня намеснік міністра энергетыкі Беларусі Вадзім Закрэўскі паведаміў журналістам, што Менск і Масква працягваюць перамовы пра зніжэнне ў 2016 годзе цаны на мяжы за расейскі газ, які пастаўляецца ў Беларусь. „Цяпер ідуць абмеркаванні, кансультацыі з расейскім бокам пра зніжэнне кошту газу на мяжы. Тое, што ў нас ёсць падставы пра гэта гаварыць, – гэта факт. Я спадзяюся, зніжэнне складзе каля 10 даляраў (за тысячу кубаметраў.), дзесьці так”, – сказаў Закрэўскі.

20 снежня ў інтэрв’ю тэлеканалу ОНТ пасол РФ у Менску Аляксандр Сурыкаў паведаміў, што цана на газ для Беларусі ў 2016 годзе можа скласці ад 135 да 140 даляраў за тысячу кубаметраў. „У нас цэны на энерганосьбіты для Беларусі, як гэта належыць найбліжэйшым партнёрам і партнёрам па Еўразійскім эканамічным звязе, – унутрырасейскія, – падкрэсліў пасол. – Я думаю, што нейкія зрухі яшчэ могуць быць па газе, на нейкую колькасць даляраў. <…> Цяпер 142 даляры за тысячу кубаметраў. Можа аказацца ў раёне ад 140 да 135 даляраў. Рух на сусветных рынках ідзе ўніз. І па нафце магчымы нейкія дамоўленасці”.

Яшчэ ў канцы лістапада Уладзімір Сямашка наконт гэтага заяўляў: „Цэны рэзка ўпалі. Ёсць падставы, каб абмяркоўваць, па якіх цэнах павінна пастаўляцца і купляцца нафта. Створана рабочая група, яна праводзіць аналіз. Там прадстаўнікі „Лукойла”, „Сургутнефцегаза”, „Газпромнефці” і „Роснефці” і, натуральна, нашага „Белнафтахіма”.

18 снежня прэс-сакратар канцэрна „Белнафтахім” Марына Касцючэнка паведаміла, што Беларусь і Расея падпісалі індыкатыўны баланс паставак нафты і нафтапрадуктаў у 2016 годзе, згодна з якім Беларусь атрымае 24 млн. тон расейскай нафты, на 1 млн. тон больш, чым у гэтым. „Пастаўкі ў адказ у Расею складуць 1 млн. тон беларускага бензіну”, — сказала прадстаўнік „Белнафтахіма”. Пра цану паставак не паведамлялася.

belapan.by