Планы АГП на 2016 год



Кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі вызначыла планы дзеянняў на 2016 год. Па словах старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, адным з галоўных накірункаў дзейнасці партыі будзе кампанія па выбарах у Палату прадстаўнікоў. Таму ў першую чаргу сфармуляваныя задачы для гэтай кампаніі.

— Зрабіць як мага больш шырокавядомай праграму «Мільён новых працоўных месцаў», бо гэта праграма сістэмных рэформаў, на што ёсць вялікі попыт у грамадстве. Другое, гэта не дапусціць легітымацыі вынікаў выбарчай кампаніі без свабодных і сумленных выбараў, а тое, што іх не будзе зразумела ўжо цяпер. Сабраць гэтыя доказы вельмі трэба. Калі не будзе гэтых фактаў доказаў, то ўпершыню за 20 гадоў Палата можа стаць легітымнай без свабодных, сумленных выбараў. Трэцяе: істотна павялічыць колькасць удзельнікаў палітычнага працэсу.

Аб’яднаная грамадзянскай партыя працягне працу дзеля ўзмацнення правацэнтрысцкай кааліцыі, у складзе якой будзе ўдзельнічаць у кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў. А па выніках супольнага ўдзелу ў гэтай кампаніі АГП прапаноўвае стварыць Асамблею народных прадстаўнікоў, якую складуць удзельнікі выбараў.

Таксама адным з прыярытэтаў АГП будзе падтрымка індывідуальных прадпрымальнікаў.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя