Таццяна Севярынец: Улады пачалі чарговую хвалю запалохванняў



Пачаўся ціск на заснавальнікаў партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” ў Віцебску і Магілёве – пра гэта паведамляе партыйны сайт. Як нам расказала каардынатарка партыі па Віцебшчыне Таццяна Севярынец, улады пачалі хвалю запалохванняў з найменш абароненых сярод заснавальнікаў – а менавіта з пенсіянераў:

– Мы ўжо ведаем з досведу, гэта ўжо шосты раз, як небяспечна для людзей, якія працуюць або навучаюцца, стаць заснавальнікамі партыі. У нас хапала людзей, іх каманда вялікая, але каб зняць гэтую небяспеку, мы пачалі шукаць людзей, якія могуць нас падтрымаць сярод пенсіянераў. І аказалася, што дзве жанчыны, на якіх канкрэтна ўчора быў здзейснены нагабны, ганебны ціск, сапраўды пенсіянеркі, але яшчэ працуюць.

Пенсіянерак запалохвалі па месцы працы, адна з іх пад ціскам адмовілася ад свайго подпісу. Прыгадаем, што 24-га снежня аргкамітэт па стварэнні партыі БХД у шосты раз падаў у Міністэрства юстыцыі Беларусі спіс больш як тысячы заснавальнікаў і дакументы на рэгістрацыю партыі. Таццяна Севярынец не выключае, што ўлады спрабуюць зрабіць сабраныя подпісы заснавальнікаў нібыта “несапраўднымі”. Як адзначаецца на партыйным сайце, за часы кіравання Аляксандра Лукашэнкі ніводная апазіцыйная палітычная партыя не была зарэгістраваная.

Яна Запольская, Беларуская Радыё Рацыя