Прадпрымальнікам вынеслі прысуд?
Намеснік старшыні РГА “Перспектыва” Вячаслаў Піліпук пракаментаваў словы кіраўніка краіны, што “з 1 студзеня скончыліся мядовыя гады” прадпрымальнікаў.
Пакуль ІП-эшнікі не працуюць і чакаюць нейкага станоўчага для сябе рашэння з боку ўладаў, Аляксандр Лукашэнка даў ім своесаблівы завочны адказ: «З 1 студзеня скончыліся іх мядовыя гады, і трэба працаваць у роўных умовах, па адпаведных дакументах. Ім трэба разумець, што сэртыфікацыя прадукцыі, на якую мы пайшлі, – гэта першы крок. Ёсць тавар – усе суправаджальныя дакументы павінны быць. Мы павінны празрыста гандляваць, і хопіць вакол гэтага нейкія падкопы ладзіць».
Ці азначае гэта, што ўлада ўжо вынесла прадпрымальнікам прысуд?
Вячаслаў Піліпук: Нам, відаць, далі зразумець, што ні на якія саступкі ўлады больш не пойдуць. Хоць у той жа час бачна, што сітуацыя, якая склалася вакол ІП-эшнікаў, таксама балючае пытанне для кіраўніка краіны, калі ён ужо узгадвае пра яго на нарадзе памежнікаў.
РР: Калі ўлада не пойдзе ні на якія саступкі, што будуць рабіць прадпрымальнікі далей?
Вячаслаў Піліпук: Наколькі мне вядома, зараз людзі збіраюцца ў гадлёвых цэнтрах і шукаюць шляхі выхаду. Даводзіцца чуць, што трэба ўсім разам ісці да мясцовай улады, размаўляць з ёй і сумесна знаходзіць нейкі кампраміс у плане таго, як жыць і працаваць далей. Бо прыняты указ проста выкінуў народ на вуліцу, пазбавіўшы працы.
РР: Па некаторай інфармацыі, асобныя прадпрымальнікі зараз працягваюць распрадаваць рэшту несертыфікаванага тавару, а падаткавікі быццам бы і не лютуюць з праверкамі…
Вячаслаў Піліпук: Ёсць такі момант, бо праблема вельмі балючая і складаная. Мы сустракаліся з прадстаўнікамі Міністэрства па падатках і зборах, Мінэканомікі і ведаем, што створана працоўная камісія з трох ведамстваў, куды ўвайшлі чыноўнікі гэтых двух структур, а таксама Мінгандлю. Магчыма, ужо у панядзелак імі будзе прынятае нейкае рашэнне. А можа яно ўжо сёння ёсць.
РР: Што вырашыць гэтая група, калі кіраўнік краіны даў зразумець, што ніякіх прынцыповых саступак не будзе?
Вячаслаў Піліпук: Я таксама мяркую, што нічога асаблівага не вырашыць. Магчыма, групу і ствараюць, каб збіць градус накалу ў прадпрымальнікаў. Гэта бачна яшчэ і па паводзінах асобных чыноўнікаў. Адзін з іх на форуме казаў, здаецца, правільныя рэчы, а ўжо праз некалькі дзён заяўляў, што, калі ІП-эшнікі не выйдуць на працу, то людзі будуць прыцягвацца да адказнасці за парушэнне рэжыму працы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя