Беларускі рубель на біржавых таргах рэзка ўпаў



На таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 15 студзеня беларускі рубель рэзка аслабеў да трох асноўных валют: курс даляра ЗША вырас на 350 рублёў, еўра — больш як на 400 рублёў, расейскага рубля — больш як на 5 рублёў.

Згодна са звесткамі біржы, курс долара ЗША вырас да 19.864 рублёў, або на 1,79%. Курс еўра вырас на 412 рублёў, або на 1,94%, і склаў 21.609 рублёў. Курс расійскага рубля вырас на 5,17 рубля (2,03%) да 259,75 рубля.

Банкі аператыўна адрэагавалі на курсавыя змены — па стане на 12.00 у шэрагу банкаўскіх устаноў і абменных пунктаў курс продажу амерыканскай валюты складае 20.200 рублёў за даляр.У асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі Нацбанк зафіксаваў, што ў 2016 годзе валютны курс будзе вызначацца на аснове попыту і прапановы, валютныя інтэрвенцыі будуць мінімізаваныя. Пры падрыхтоўцы рэспубліканскага бюджэту на 2016 год быў закладзены сярэднегадавы курс даляра 18.700 рублёў.

Пры курсаўтварэнні Нацбанк выкарыстоўвае механізм прывязкі курсу беларускага рубля да кошыку валют, у якім удзельная вага расейскага рубля складае 40%, а долі долара ЗША і еўра – 30% кожная. Фінансавыя аналітыкі адзначаюць, што беларускі рубель зніжаецца ўслед за расійскім. У сваю чаргу падзенне расейскага рубля адбываецца з-за змяншэння цэн на нафту.

Акрамя гэтага, у Беларусі павышаны попыт на валюту абумоўлены агульнай эканамічнай нестабільнасцю і нервовасцю, якая адчуваецца на валютным рынку. У сваю чаргу Нацбанк, па ўсёй бачнасці, імкнецца не задзейнічаць золатавалютныя рэзервы на падтрыманне курсу. Дарэчы, аб’ём ЗВР Беларусі паводле вынікаў снежня упаў амаль да пяцігадовага мінімуму. Меншым іх аб’ём быў толькі на парозе дэвальвацыі 2011 года.

Эксперты паказваюць, што з прычыны змен знешняй кан’юнктуры ўраду давядзецца выпрацаваць новыя сцэнары сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на гэты год. Гэта абумоўлена тым, што падобную сітуацыю на сусветным рынку не прадугледжваў нават песімістычны сцэнарый сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016 год. Цяперашні прагноз распрацоўваўся ў 2015 годзе з улікам эканамічных чаканняў расейскіх уладаў, якія таксама не чакалі такога рэзкага падзення цэн на нафту.

Як паведамлялася раней, у бюджэт на 2016 год беларускія ўлады заклалі сярэднегадавую цану нафты на ўзроўні 50 долараў за бараль. У працэсе абмеркавання прагнозных дакументаў таксама разглядалася верагоднасць зніжэння сусветных цэн на нафту да 45 долараў за бараль. Аднак на сённяшні дзень кошт бараля нафты маркі Brent на сусветным рынку вагаецца ў раёне 30 долараў. Многія прагнозы фінансавых аналітыкаў і эканамістаў сведчаць пра тое, што такі ўзровень цэн на чорнае золата можа трымацца досыць доўга, і не выключана, што можа апусціцца яшчэ ніжэй.

Сусветныя цэны на нафту ў пятніцу, 15 студзеня, вярнуліся да негатыўнай дынамікі пасля росту напярэдадні, бо інвестары па-ранейшаму асцерагаюцца лішку на нафтавым рынку, адзначае расейскае агенцтва Прайм. На 9.25 нафта гатунку Brent таргавалася блізу адзнакі 30,45 долара за бараль.

На гэтым фоне курс амерыканскай валюты ў Расіі працягвае расці — сярэднеўзважаны курс долара да расійскага рубля разлікамі „заўтра” на ММВБ, на падставе якога ўстанаўліваецца афіцыйны курс Цэнтрабанка, да 11.30 пятніцы вырас на 4,2 капейкі, склаўшы 76,565 рубля.

belapan.by