Зміцер Піменаў: Бельгія – краіна мігрантаў



У кагосьці ў нашай краіне слова “Бельгія” выклікае асацыяцыі  шакаладам і півам, у кагосьці – з Жанам-Клодам Ван Дамам, у кагосьці – з усім вядомай статуяй хлопчыка, які сікае. І толькі нямногія беларусы прыгадаюць, што ў пасляваенны час на тэрыторыі Бельгіі знаходзіліся шматлікія лагеры “перамешчаных асобаў”, уцекачоў ад Саветаў, сярод якіх было нямала нашых суайчыннікаў. Ці не самы вядомы беларус, які жыў і памёр у Бельгіі – Мікола Равенскі, аўтар беларускага духоўнага гімна “Магутнага Божа”.

А чым цяпер жыве беларуская дыяспара Бельгіі? Ці падтрымліваюць бельгійскія беларусы сувязі з Радзімай? Якое іх стаўленне да вялізнай хвалі мігрантаў з Бліжняга Усходу, якая цяпер абрынулася на Еўропу?

Зміцер Піменаў

Наш карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з кіраўніком Беларуска-Еўрапейскага задзіночання Зміцерам Пімнавым, які жыве ў бельгійскім Антвэрпэне.

Зміцер Піменаў: Дыяспара ў Бельгіі – гэта тое ж самае, што беларускі народ у Беларусі, дзе ёсць самыя розныя людзі. Вельмі цяжка назваць колькі тысяч дысідэнтаў, якія ёсць у Беларусі, апазіцыяй. Так і цяжка назваць поўнавартаснай дыяспарай колькі дзясяткаў людзей ў Бельгіі, якія сябе лічаць беларусамі. Пераважная колькасць мігрантаў трапляюць да Бельгіі праз статус палітычнага ўцекача. Вядома ж, не ўсе яны – сапраўдныя палітычныя ўцекачы, не ўсе – людзі актыўныя, але ў Еўразвязе вельмі добра адпрацаваная сістэма міграцыйнай інтэграцыі. Чалавек прыяжджае, як палітычны ўцякач. І ў той час, пакуль ідзе працэдура надання яму статуса, ён паспявае інтэгравацца ў гэту сістэму. Бельгія – краіна мігрантаў…

РР: Існуе такая думка: хвалі міграцыі ў Еўразвяз з той жа Сірыі, з той жа Афрыкі могуць знішчыць тую Еўропу, якую мы яе ўсе ведаем. Вы згодныя з такім сцвярджэннем?

Зміцер Піменаў: Еўропа перажыла не першую хвалю міграцыі. Гэтая хваля, можа, ужо сотая. Еўропа адбудавала добрыя хвалярэзы, калі казаць марскімі тэрмінамі. У нашых постсаўковых дзяржавах пра гэта не ведаюць, бо не разумеюць, што такое міграцыя…

РР: Хай беларуская дыяспара ў Бельгіі і не такая шматлікая, як ў іншых краінах. А што яднае беларусаў Бельгіі? Ці ведаюць яны сваю мову, ці адзначаюць свае святы, ці падтрымліваюць нейкія сувязі са сваёй краінай?

Зміцер Піменаў: Найперш нас яднае тое, што тут мы ўсе – мігранты. Але ёсць і фактар раз’ядноўвання: далёка не ўсе памятаюць пра сваіх Дзядоў, у якіх была свая мова, былі свае традыцыі, свая зямля, за якую яны аддавалі свае жыцці. І што ўсё гэта было дадзена ім Богам. А той, хто забыўся на Божыя законы – хіба ён будзе памятаць пра сваіх продкаў? Такім наканавана стаць гноем для чужых патрэбаў. Што тычыцца сувязяў з Радзімай, то ў кожнага сваё разуменне… Тыя беларусы, якія сапраўды былі палітычнымі ўцекачамі, падтрымліваюць сувязь з Беларуссю. Ім баліць тое, што ў нас адбываецца.

РР: Іншым разам беларусы на чужыне прыбіваюцца да расейскіх суполак, іншым разам – да польскіх, іншым разам нават да ўкраінскіх. А ці ёсць такія ў Бельгіі?

Зміцер Піменаў: Здараецца і такое, бо людзі, якія не ведаюць сваіх каранёў, спрабуюць стаць сваімі для чужых. Але я з такімі мала кантактую. Чалавек, вырваны з роднай глебы, яго вельмі цяжка прырасціць на новым месцы. Чалавек, які лічыць сябе чалавекам, павінен разам з каранямі прывозіць і сваю глебу, сваё асяроддзе. Скажам, тое, што павінна да каранёў прычыпляцца: наш сцяг, наш герб і наша мова.

РР: Але ж сцяга і герба яшчэ недастаткова, каб быць беларусам! Ёсць жа, напэўна, яшчэ нешта?

Зміцер Піменаў: Так! Госпад Бог дае нам разумення святога і прафаннага. Таму ўсе вызначальныя ідэі ператвараюцца ў прафанацыю, калі нашыя сэрцы закрытыя для Бога. Людзі павінны ўсведамляць, што народы створаныя, каб быць роўнымі для роўных. І калі нейкі народ пачынае прыгнобліваць іншыя народы – выбачайце, гэта ўжо не ад Бога! Чаму чужынцы забараняюць нашу “Пагоню”? Адказ просты: на ёй Святы Крыж!

РР: Ці маюць бельгійскія беларусы нейкія кантакты са структурамі беларускага МЗС? Ці дамамагае вам афіцыйны Менск?

Зміцер Піменаў: Міністэрства Замежных Спраў Беларусі прыкладае ўсе намаганні, каб дыяспару прыручыць, каб зрабіць яе пралукашэнкаўскай. У ЗША, напрыклад, ужо існуе такі сайт для тамтэйшых беларусаў, які называецца “Разам”, ён цалкам пад тым чырвона-зялёным сцягам. Гэта адчуваецца і ў Еўропе: да мяне ўжо колькі разоў звярталіся з прапановамі кшталту: ды мы павінны быць разам, ды мы ўсе беларусы, ды мы паваінны дапамагаць адзін аднаму! Я кажу: дык і Лукашэнка называе сябе беларусам, і шмат іншых людзей, якія робяць антыбеларускія справы… Мне што – быць разам з імі? Храбціна ў мяне не такая гнуткая, і я не магу спяваць тое, што мяне просяць… Нават за вялікія грошы.

Колькі беларусаў жыве цяпер у Бельгіі, дакладна невядома. Лічбы, якія называюцца ў розных крыніцах – ад дзвюх да дзесяці тысяч.

2016-01-15_achromienka_belarusy_belhii_3

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Здымкі: архіў Зміцера Піменава