Ганненскі кірмаш у Зэльве



Другі дзень у Зэльве весяліцца Ганненскі кірмаш. Ён пачаўся ў пятніцу, 22 жніўня, навуковай канферэнцыяй “Роля Сапегаў у гісторыі Зэльвенскага краю”. Дарэчы, гісторыя Ганненскага кірмашу бярэ пачатак ў 1501 годзе. Права на правядзенне яго атрымала ўдава былога гаспадара мястэчка Ганна Улініч. У 1720 годзе чарговы такі дакумент быў выдадзены ўжо прадстаўніку роду Сапегаў, да якіх перайшло паселішча. У тыя часы кірмаш славіўся гандлем коньмі. Тады гэта мястэчка знаходзілася на скрыжаванні гандлёвых шляхоў з Усходу на Захад. З эканамічнага пункту гледжання гэта было самае выгаднае размяшчэнне ва ўсёй Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Улетку, у дзень Святой Ганны, сюды з’язджаліся тысячы купцоў, каб абмяняцца таварам. У сярэдзіне XIX стагоддзя, паводле ацэнак некаторых гісторыкаў, кірмаш у Зэльве быў другім ў Еўропе пасля Лейпцыгскага. Сюды прыязджалі купцы не толькі з Гарадзенскай, але і з Менскай, Віленскай, Віцебскай, Маскоўскай, Камянец-Падольскай, Казанскай губерняў, а таксама з суседняй Польшчы, Галіцыі, Бесарабіі.

Пра ўсё гэта гутарылі навукоўцы, гісторыкі і краязнаўцы падчас навуковай канферэнцыі.

Свята Ганненскага кірмашу ў Зэльве ўпершыню з’явілася ў 2001 годзе. І цяпер кожны год зэльвенцы збіраюцца ў сваім гарадскім пасёлку, каб адпачыць, павесяліцца, нагадаць той час, калі Зэльва славілася сваім Ганненскім кірмашом.

Сёлетні кірмаш радаваў і здзіўляў зэльвенцаў і гасцей раённага цэнтра эстраднымі выступленнямі Сашы Нэма, Гюнэш, канцэртамі беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”, народнага ансамбля “Калаж”, тэатра моды са Слоніма “Этуаль”.

Паралельна праходзілі конкурсы на лепшае ўпрыгожванне балконаў, на лепшую працу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, на самае цікавае фота, на лепшы падворак і лепшую павозку.  А ў цэнтральным скверы ўсе жадаючыя змаглі наведаць кірмаш рамёстваў, “Горад майстроў», выставу коней, кірмашовыя атракцыёны, музычны тэатр “Рада” з Гародні і выстава-продаж караваяў.

А познім вечарам у якасці заключнага акорда ўдзельнікі кірмашу былі ў захапленні ад вогненнага і пеніста-лазернага шоу, а таксама станцавалі вальсы і мазуркі на кірмашовым балю…

[Not a valid template]

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва

Фота Барыса Баля і Савелія Малчанава