„Было адчуванне, што ўся Літва паўстала”



Чвэрць стагоддзя прайшло з тых падзеяў у Вільні, калі пры штурме савецкімі войскамі тэлевізійнай вежы і тэлецэнту загінулі 14 і былі паранены некалькі соцень чалавек. Аднак спробы сілай захаваць СССР аказаліся марнымі. Яны толькі абвастрылі сітуацыю, і менш чым праз год савецкай імперыі не стала.

Па словах кіраўніка беларускага Руху салідарнасці „Разам” Вячаслава Сіўчыка, падзеі ў Вільні адыгралі важную ролю ў далейшым лёсе Савецкага Саюзу:

Усе гэтыя падзеі насамрэч былі чаканымі і нечаканымі. Шмат хто падтрымліваў і савецкія войскі ў Вільні. Там былі мітынгі і прасавецкі настроеных актывістаў. Ішла барацьба не толькі ў Літве, ішла барацьба і ў Беларусі. Бо беларусы па рознаму ставіліся да таго, што адбывалася ў іх суседзяў. Афіцыйная прапаганда тады ўжо хлусіла, і многія гэтай хлусні верылі. Канешне, гэта немагчыма параўнаць з сённяшней сітуацыяй, бо тады даведацца альтэрнатыўную інфармацыю можна было дастаткова лёгка.

Актывісты дэмакратычных сілаў з розных краінаў, натуральна, падртымлівалі літоўцаў у іх барацьбе за незалежнасць. У тым ліку і Беларускі Народны Фронт. Ездзілі і нашыя дэпутаты, але ж і ездзілі проста дэмакратычныя актывісты для таго, каб дапамагчы літоўцам. Ніхто ж не ведаў, які сцэнар гэтых падзеяў будзе ажыццяўляцца. Групаў было некалькі. Мы паехалі, як толькі даведаліся аб гэтых крывавых падзеях. Запомнілася, што, як ні дзіўна, нас у Менску вельмі моцна адгаварваў ад гэтай паездкі на той момант дэмакратычны дэпутат Яўген Новікаў – паедзеце і вас там заб’юць, таму не едзьце, вы вельмі патрэбныя Белаурсі. Але мы мусілі ехаць. Прыехалі і пабачылі, да якой ступені літоўцы ў той момант ахвяравалі дзеля сваёй незалежнасці. Людзі сапраўды былі гатовыя да любых падзеяў. Для іх незалежнасць Літвы – гэта было святое, – успамінае Вячаслаў Сіўчык.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Тыя ахвяры ў Вільні дазволілі папярэдзіць і мабілізаваць дэмакратычнае грамадства, паказаць усяму свету, што „дэмакратычны” СССР працягвае заставацца імперыяй зла, і яго крах непазбежны. І савецкая імперыя знікла. Але знікла ў выніку Белавежскай дамовы, а не на страшнай крыві, – кажа Вячаслаў Сіўчык

– Але час сцірае памяць пра віленскія падзеі. І гэтым карыстаюцца палітычныя сілы, якія вельмі хацелі б усё перапісаць. У катаў і забойцаў заўсёды вінаваты тыя, хто стаў іхнімі ахвярамі. Яны і будуць перакручваць тое, што было ў гісторыі. Але гэта бессэнсоўная справа, – упэўнены Вячаслаў Сіўчык.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12 склікання, сябра фракцыі Беларускага Народнага Фронту Валянцін Голубеў наведаў Вільню адразу пасля крывавых падзеяў. Ён увайшоў у склад афіцыйнай дэлегацыі парламента, якую ўзначаліў Ніл Гілевіч.

– Акрамя афіцыйнай дэлегацыі ў сталіцу Літвы асобна, па сваёй ініцыятыве, ездзілі прадстаўнікі апазіцыі Сяргей Навумчык і Барыс Гюнтэр. Яшчэ адну групу, – успамінае Валянцін Голубеў, – склалі Аляксандр Лукашэнка, Генадзь Карпенка і Віктар Ганчар. Карпенка тады быў мэрам Маладэчна, Віктар Ганчар яго намеснікам. Яны тады сябравалі – Карпенка, Ганчар і Лукашэнка, і разам наведалі Літву. Кантактавалі ў большай ступені з савецкімі афіцэрамі, былі ў ваенных частках. Лукашэнка потым выступаў у Вярхоўным Савеце, распавядаў пра настроі ваенных, – успамінае Валянцін Голубеў.

Сваю паездку Голубеў памятае вельмі добра:

Было зразумела, што адбываецца страшны дыктат цэнтра з дапамогай грубай сілы. І адначасова было бачна і тое, што ў Літве, у народзе, ва ўсіх слаях насельніцтва, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці, існаваў рэзкі пратэст супраць Савецкага Саюза, супраць Савецкай улады і імкненне да незалежнасці. Мы тады наведалі і ЦК Кампартыі Літвы, іхні камітэт нацыянальнага выратавання, – першы ГКЧП на тэрыторыі СССР. І мы там пабачылі, што гэты камітэт, дзе Буракавічус і Ермалавічус былі на чале, гэта проста рэакцыйная антынародная сіла. У ЦК знаходзіліся ўзброеныя людзі, аўтаматчыкі. А парламент нават не ахоўваўся ніякімі афіцыйнымі структурамі. Але вакол яго суткамі стаялі тысячы людзей. Былі, праўда, людзі, узброеныя паляўнічымі стрэльбамі… Калі 15 студзеня адбывалася пахаванне загінуўшых каля тэлевежы, калі выйшла ўся Вільня на вуліцы, калі ніхто не глядзеў: літовец, беларус, рускі, яўрэй, паляк, а былі проста грамадзяне Літвы, якія стаялі за незалежнасць сваёй краіны, якія стаялі супраць дыктату. То было зразумела, што гэтыя людзі будуць і Вільню бараніць, і Літву. Яны хочуць незалежнасці. І яны яе дамагліся, яны яе атрымалі. І я да сёння зайздрошчу, як у тыя часы складвалася грамадзянская супольнасць у Літве, як яна праяўлялася. І па сутнасці, як яна існуе да сённяшняга дня.

Журналіст Алесь Суша, у той час рэдактар газеты „Навіны Адраджэння”:

– 13-га студзеня мы даведаліся, што каля тэлевізійнай вежы ў Вільні загінулі людзі. Хутка мы знайшлі машыну і паехалі ў Вільню. Гэта Костусь Войтка, фотакарэспандэнт „Навін Адраджэння”, Ірына Лазоўская, Сяргей Мурог і я. Ужо праз некалькі гадзінаў мы былі каля тэлевежы. Дагэтуль мяне не пакідае такое пачуццё, што было жудасна і ў той самы час выглядала як фарс, трагікамедыя. Краіна СССР адной нагой ужо нябожчык. А яе войскі вырашылі ашчэрыць свае зубы. На вуліцах каля тэлевежы стаялі БТРы – тралейбусы, БТРы – тралейбусы. Гэтыя дзіўныя салдаты ў шынялях да пят, у бронекамізэльках зверху. І вось самае дзіўнае, яскравае ўражанне: каціўся БТР па вуліцы, зараз яна называецца Тэадора Нарбута, і БТР быў увесь абвешаны гукаўзмацняльнікамі. І з БТРа ішоў запіс, што фотаздымкі забаронены, відэаздымкі забаронены, усім заставаацца па дамам, на вуліцы пасля 22-й гадзіны не выходзіць. А за гэтым БТРам ішоў натоўп журналістаў і здымаў.

AlesSusha_2

Тады нам, нашай групе, удалося запісаць інтэрв’ю з кіраўніком Сойму Вітаўтасам Ландсбергісам. Ад яго ішла ўпэўненая моцнасць. І ўдалося запісаць інтэрв’ю з другім сакратаром ЦК Кампартыі Літвы Вячаславам Шведам. Ён сядзеў у сябе ў кабінеце, на стале ляжаў аўтамат Калашнікава з кароткім ствалом. Але ў чалавека быў такі выраз твару – як бы гэта адсюль хутчэй уцячы…

Потым мы зноў вярнуліся ў парламент. І я яшчэ прамаўляў праз вакно гэтага Сойму на плошчу. І запіс маей прамовы захаваўся. Я казаў: „Дапамажы вам Бог!” Бачны былі вогнішчы на плошчы і шмат людзей. Там не такая вялікая прастора, каб змясціліся сотні тысяч, але было такое адчуванне, што ўся краіна паўстала і зламіць яе не атрымаецца.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Матэрыял у гукавым фармаце: