Шматкультурнае Падляшша: погляд з Менска
Калі вяскоўцы жывуць так, як жылі “за дзядамі і прадзедамі”, – свята трымаюцца традыцый, вераць адначасова і ў святых, і ў прымхі, і размаўляюць пры гэтым той мовай, якой гаварылі іх продкі, — то ў разуменні шмат каго з гараджанаў – “гэта кансерватызм і ўвогуле коснасць”.
Калі ж этнографы знаходзяць у паўсядзённым жыцці тых вяскоўцаў неверагодную моўную ці культурніцкую архаіку, якая нязменна існуе там ужо сотні гадоў, то рэакцыя тых жа гараджанаў можа быць і такой: “Ды няўжо такі цуд захаваўся ў нас у часы Сеціва і спадарожнікавага тэлебачання?!..”
Падляшша – край сваеасаблівага жыццяладу, з багатымі традыцыямі і ўнікальнай мовай. Вось ужо колькі гадоў гэты край вабіць увагу філолагаў, культуролагаў і этнографаў. Летась на Падляшшы працавала сумесная польска-беларуская лінгвістычная экспедыцыя.
Наш карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з удзельніцай гэтай экспедыцыі, магістрантам Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта Агатай Ракавай.
Агата Ракава: Мы ездзілі шукаць беларускую мову ва Усходняй Польшчы. Гэта былі даследванні пад патранатам Польскай Акадэміі навук, у якім бралі ўдзел і польскія, і беларускія навукоўцы. Ездзілі мы з нашай групай Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта.
РР: А які рэгіён вы даследвалі?
Агата Ракава: Усходняе Падляшша. Жылі мы ў вёсцы Тэрэміскі, якая стаіць акурат побач з Белавежскай пушчай. Збіралі мы моўны матэрыял і непадалёк ад Тэрэмісак: Белавежа, Падаляны, раён Гайнаўкі… Бліжэй да мяжы з Беларуссю.
РР: То бок, месца кампактнага рассялення беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы… Цікава – а як тыя вяскоўцы самаідэтныфікуюцца?
Агата Ракава: Я бы не гаварыла пра выразную беларускую самаідэнтыфікацыю. Я бы казала пра “тутэйшасць”. Тыя людзі вельмі выразна супрацьстаўляюць сябе палякам, але не саманазываюцца беларусамі. “Беларус” для іх – менавіта той, хто жыве ў дзяржаве, якая называецца Беларусь. Напэўна, ніводзін вясковец, з якім мне давялося гаварыць, не казаў, што ён менавіта “беларус”.
РР: І як жа яны саманазываюцца?
Агата Ракава: “Ну, мы мясцовыя”, “ну, мы тутэйшыя”, “ну, мы тут жывемо, а гаворка ў нас такая мяшаная”… Чула вельмі цікавую гісторыю ад навукоўцы, якая сама родам з Гайнаўкі, але даўно жыве ў Варшаве. Падчас апошняга перапісу насельніцтва тэлефануе ёй з Гайнаўкі маці, якая размаўляе на тамтэйшай гаворцы: маўляў, у мяне пытаюцца, хто я па нацыянальнасці, дык што мне напісаць? Сама, маўляў, не ведаю, хто я такая… Дачка тая кажа: тут пытанне менавіта самаідэнтыфікацыі, я не маю права табе падказваць! Але ж старая маці была вельмі актыўнай – ну скажы, дачка, хто ж я?
РР: І як тая старая вызначылася?
Агата Ракава: Дачка давяла, што старая ўсё ж — беларуска. Так і запісалі. Але ж, паўтаруся – толькі пасля падказкі.
РР: Адзін з вельмі і вельмі важных момантаў самаідэнтыфікацыі на Падляшшы, прытым не толькі рэлігійнай, але і нацыянальнай — праваслаўе. Ці адрозніваеца праваслаўе, традыцыйна прынятае на Падляшшы, ад таго, якое практыкуецца ў Беларусі?
Агата Ракава: Розніца, вядома ж, ёсць, але яна нязначная. Набажэнствы адбываюцца на царкоўнаславянскай мове. Хіба што не такія суворыя знешнія правілы і абрады – напэўна, пад уплывам Касцёла. Скажам, на Падляшшы некаторыя ходзяць у царкву ў джынсах. Хаця вернікі разумеюць, што лепш такога не рабіць.
РР: На вашу думку, беларуская (ці “тутэйшая”, ці “падляская”) мова ў вёсках памірае?
Агата Ракава: Баюся, што так. Праблема ў тым, што той мовай размаўляюць пераважна старыя, і яны не імкнуцца перадаць мову дзеткам і ўнукам. А маладыя, у сваю чаргу, не надта зацікаўленыя, каб размаўляць “па-своему”. Неаднаразова даводзілася чуць ад старых – маўляў, мы з дзецьмі размаўляем менавіта па-польску, каб яны сталі больш паспяховымі за нас. Спадзяюся, што сітуацыя апошнім часам крыху выпраўляецца і ў Беластоку, і той жа Гайнаўцы, дзе моладзь цягнецца да вывучэння свайго. Але ж, як на мой капыл – гэтае вывучэнне ёсць другасным: па кнігах, праз адукацыйныя цэнтры. А не натуральнае наследванне мовы ад старэйшых.
РР: Неаднаразова даводзілася чуць такое меркаванне: калі б тым жа беларусам Падляшша беларускую мову выкладалі не кірыліцай, а лацінкай, яна бы давалася ім значна прасцей. Вы згодныя?
Агата Ракава: Як па мне – вывучэнне кірыліцы наадварот – стымулюе людзей вывучаць іншую сістэму графікі. У такіх людзей заўсёды будзе перавага перад польскімі калегамі. А калі мы гаворым пра натуральнае вывучэнне мовы, то бок той, якая перадаецца ад бацькоў да дзяцей – я бы не надавала такое значэнне графіцы…
Паводле апошняга перапісу, беларускай мовай ў штодзённым жыцці карыстаецца каля 40 тысяч насельніцтва Падляшша.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: facebook.com/howorymoposwojomu