“Левыя” ідуць на выбары
Намеснік старшыні Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Валерый Ухналёў распавёў пра ўдзел іх арганізацыі ў парламецкай кампаніі.
Па словах Ухналёва, вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты адбудзецца на 19-м пазачарговым з’ездзе, які папярэдне плануецца правесці ў ліпені. Канчатковае рашэнне аб даце з’езду будзе прынятае пасля прызначэння даты выбараў.
Валерый Ухналёў: Мы ўжо поўнасцю вызначыліся, што прымем поўнамасштабны ўдзел у парламенцкай кампаніі. Праўда, яшчэ не вырашылі адносна стратэгіі і тактыкі на выбарах. На сённяшні дзень у спісе нашых прэтэндэнтаў знаходзіцца 60 чалавек, якія збіраюцца паўдзельнічаць у кампаніі.
РР: Гэтыя парламенцкія выбары, на ваш погляд, нечым будуць адрознівацца ад папярэдніх?
Валерый Ухналёў: Мяркую, не асабліва, бо выбараў як такіх няма. Магчыма, будзе нейкае паслабленне ў плане магчымасцей апазіцыйных кандыдатаў праводзіць пікеты, сустракацца з людзьмі і гэдак далей. Але не больш за тое. Як і падчас прэзідэнцкай кампаніі, уладзе трэба будзе паказаць Захаду, што выбарчыя кампаніі ў нас быццам бы празрыстыя, а апазіцыйныя кандыдаты маюць усе магчымасці, каб праводзіць свае кампаніі. Але ў прынцыпе, гэта не будзе вырашаць праблему, таму што няма ніякіх зменаў у выбарчым кодэксе.
РР: Дык навошта ўдзельнічаеце, калі “выбараў няма”, як “няма і зменаў у выбарчым кодэксе”? Які сэнс?
Валерый Ухналёў: Вялікі сэнс, бо кампанія – гэта перш-наперш праца з людзьмі. На выбарах можна перамагчы толькі тады, калі цябе людзі падтрымліваюць. Хоць, шчыра кажучы, калі б сёння былі празрыстыя выбары, не ўпэўнены, што ўсе дэмакратычныя кандыдаты перамаглі б. Таму неабходна праца з народам, трэба паказваць, што ёсць такая партыя са сваімі падыходамі, прынцыпамі, прапановамі. І трэба скарыстацца момантам. Зараз па сутнасці мы не можам правесці ніводнага легальнага пікета. А падчас прэзідэнцкай кампаніі правялі каля тысячы пікетаў, што дало магчымасць пагутарыць з людзьмі, у партыі з’явіліся новыя прыхільнікі. Гэта вельмі важны момант для развіцця арганізацыі.
РР: На ваш погляд, ці можа ўлада прапусціць у парламент некалькі апазіцыйных дэпутатаў?
Валерый Ухналёў: Можа, але ў такім выпадку гэта будуць намінальныя прадстаўнікі, а не нейкія лідары апазіцыі. Але ж ізноў пакажуць Захаду “памеры дэмакратыі ў краіне”.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя