Таццяна Равяка: Пераслед па палітычных матывах застаецца



Ці будзе падоўжана замарожванне санкцый у дачыненні да Беларусі? На гэтае пытанне пакуль цяжка адказаць, – кажа Таццяна Равяка з праваабарончага цэнтру “Вясна”. Але яна падкрэслівае, што ёсць цалкам вымяральныя крытэры, па якіх можна меркаваць, ці змяняецца сітуацыя ў краіне. Праваабаронцы, у прыватнасці, патрабуюць спыніць пераслед журналістаў. Акрамя таго, у Беларусі працягваецца палітычны пераслед:

– Ёсць яшчэ і патрабаванні, напрыклад, спыніць крымінальныя справы па палітычных матывах. Я нагадаю, што на сённяшні дзень узбуджаныя і працягваюцца крымінальныя справы ў адносінах да пяці асобаў. Ужо стала вядома, што ў адносінах да графітыстаў суд пачнецца 25 студзеня. Таксама не спыненая крымінальная справа ў адносінах да журналіста Аляксандра Алесіна і не спыненая справа ў адносінах былога кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча.

Больш за тое, дадае Таццяна Равяка, у Беларусі з’явіўся новы палітычны вязень. Ім праваабаронцы прызналі заснавальніка праваабарончай арганізацыі “Платформа” – Міхаіла Жамчужнага.

Прыгадаем, што Еўразвяз і ЗША прыпынілі дзеянне санкцый у дачыненні да шэрагу чыноўнікаў і прадпрыемстваў Беларусі да канца лютага.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя