Што будзе з рублёвымі дэпазітамі?
Па інфармацыі Нацбанка, на 1 студзеня 2016 года тэрміновыя рублёвыя ўклады насельніцтва ў банкаўскай сістэме склалі 26,1 трлн. рублёў. У снежні іх аб’ём скараціўся на 4,6% ці на 1,25 трлн. рублёў.
За чэрвень-снежань мінулага года аб’ём рублёвых укладаў скараціўся на чвэрць (з 35 трлн. да 26,1 трлн. рублёў). Што будзе далей?
Барыс Жаліба: Зніжэнне рублёвых дэпазітаў будзе прагрэсіраваць. Калі раней казалі пра дэвальвацыйныя чаканні, то сёння мы назіраем дэвальвацыю ва ўсёй сваёй прыгажосці. Апошнія дні на кожнай сесіі на біржы даляр умацоўваўся нават не на дзясяткі рублёў, а на сотні. Значыцца і далей будуць сыходзіць грошы з рублёвых дэпазітаў. Бо мала таго, што зніжаюцца адсоткавыя стаўкі, дык яшчэ і падаткі трэба плаціць з кароткатэрміновых укладаў. Умовы для ўкладчыкаў значна пагоршыліся, гэта не ідзе ні ў якое параўнанне з тымі часамі, калі рублёвыя дэпазіты былі пад 40 і больш адсоткаў. Дарэчы, тэндэнцыя такая, што і валютныя ўклады не растуць. Значыцца, народ купляе валюту, а далей – у роздуме, што з ёй рабіць. Альбо захоўваць у панчохах, альбо ўсё-такі пакласці на валютныя дэпазіты. Гэта для краіны будзе ў лепшым выпадку.
РР: Як адаб’ецца на фінансавай сістэме зніжэнне рублёвых дэпазітаў?
Барыс Жаліба: Гэта дрэнна, бо, як вядома, насельніцтва – асноўны донар банкаўскіх рэсурсаў. У тым ліку – рублёвых. Таму нічога добрага ў гэтай сітуацыя няма ні для банкаўскіх рэсурсаў, ні для крэдытавання эканомікі.
РР: Ці змогуць фінансавыя ўлады краіны зрабіць рублёвыя дэпазіты ізноў прывабнымі?
Барыс Жаліба: Гэта можна было б зрабіць адміністратыўным шляхам, каб банкі павысілі стаўкі, але ж у такім выпадку падвысяцца і адсоткавыя крэдыты. Тут атрымліваецца замкнёнае кола. Бо стан эканомікі такі, што прадпрыемствы ледзь выжываюць. Яны не могуць узяць крэдыты пад такія адсоткі, бо затым не змогуць аддаць грошы назад. Таму ўлады зараз нічога не могуць радыкальна змяніць і проста назіраюць, як і што будзе далей. Магчыма, спыніцца рост цэнаў на нафту, прымаюцца нейкія паўмеры. Нацбанк, напрыклад, сказаў камерцыйным банкам не адхіляцца ад афіцыйнага курсу больш чым на 2 адсоткі. Ажыятаж ужо пайшоў і некаторыя банкі не супраць пагрэць рукі, падняўшы верхнюю “вілку”, бо людзі ўсё роўна купляюць валюту. Увогуле, сітуацыя зараз вельмі дрэнная. З усім разам: і з валютай, і з эканомікай.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя