БНФ вызначыцца з удзелам у Кангрэсе дэмсілаў 30 студзеня?
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў распавёў пра сваё стаўленне да правядзенне кангрэса і ўдзелу ў ім партыі.
Нагадаем, у мінулым месяцы група вядомых прадстаўнікоў культуры і грамадскіх дзеячаў заклікала апазіцыю да кансалідацыі і правядзення кангрэсу дэмсілаў для выпрацоўкі далейшых дзеянняў. На наступны дзень апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч аб’явілі аб стварэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы кангрэса. У той жа дзень Статкевіч паведаміў БелаПАН, што ў аргкамітэт пагадзіліся ўвайсці Дзмітрый Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў і Генадзь Фядыніч.
Кангрэс дэмакратычных сілаў пройдзе вясной 2016 года.
Рыгор Кастусёў: 30 студзеня адбудзецца сойм партыі, і пытанне пра нашу пазіцыю ў адносінах да кангрэса якраз уключана ў павестку дня.
РР: А як вы асабіста ставіцеся да гэтага мерапрыемства?
Рыгор Кастусёў: Я ўжо казаў, што мы з цікавасцю ставімся да прапановаў, якія паступілі ад шэрагу прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, што трэба аб’ядноўвацца і сумесна працаваць. Але трэба задацца пытаннем: на што працаваць? Калі змагацца за адраджэнне тых каштоўнасцяў і прынцыпаў, на якіх стаіць Партыя БНФ, то мы адназначна за такую супольную працу. Гэта адраджэнне палітычнае, якое прадугледжвае выхад з Саюзнай дзяржавы, адраджэнне эканомікі краіны і вайсковай незалежнасці, гэта выхад з АДКБ. Гэта змаганне супраць размяшчэння на тэрыторыі Беларусі вайсковых базаў з самалётамі, якія нясуць на сваіх крылах ядзерную зброю. І адназначна, што партыя выступае за еўрапейскі шлях развіцця краіны, за адраджэння мовы, культуры і гэтак далей. Калі тыя, хто выступае за правядзенне кангрэса, гатовы працаваць на такіх прынцыпах, Партыя БНФ будзе супрацоўнічаць разам. Але, калі да падрыхтоўкі форума будуць спрычыняцца сілы, якія выступаюць за Саюзную дзяржаву, за больш цесную інтэграцыю з Расеяй, то мы з такімі людзьмі працаваць не можам. Гэта супярэчаць нашым прынцыпам.
РР: Ёсць такія сілы?
Рыгор Кастусёў: У аргкамітэце ўжо ёсць людзі, якія адмовіліся падпісаць нават Віленскі мемарандум 2012 года, які прапанавала Івонка Сурвіла, як старшыня Рады БНР. Ёсць сілы, якія вельмі крытычна выказаліся ў адрас Маніфеста ў абарону незалежнасці, і крытыкавалі кангрэс у абарону незалежнасці, які быў арганізаваны Таварыствам беларускай мовы. Таму, паўтаруся, трэба яшчэ раз задацца пытаннямі: гэтае аб’яднанне пад што і пад каго? І пад чые грошы?
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя