Марыя Роўда сустрэла новы год са сваёй першай кнігай
Гэтую кніжку чакалі гадоў дзесяць. Марыя Роўда прыйшла ў літаратуру напачатку XXI стагоддзя поплеч з такімі пісьменніцамі як Ева Вежнавец, Югася Каляда, Вольга Гапеева, Наталка Харытанюк. Але толькі сёлета пабачыла свет яе першая кніга “Клінічны выпадак, альбо Дарэмныя ўцёкі”. Сама пісьменніца кажа, што творы, сабраныя ў кнізе, маюць агульную тэму:
– Там ёсць агульная тэма, і я думаю, што наперш гэта творы, аб’яднаны вобразам галоўных герояў. Найперш, гэта лірычная галоўная гераіня. Я сама перачытала і бачу, што гэта амаль усюды маладая адукаваная жанчына, якая шукае сапраўднае каханне, сваё прызначэнне, свае карані.
Крытыкі адзначаюць, што Марыя Роўда ад першых апавяданняў набыла свой уласны стыль, які адрозьнівае эмацыйнасць, іронія і адсутнасць паныласці. Пра што і сведчыць першая кніга пісьменніцы.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя