Нарвегія пачала дэпартацыю мігрантаў, якія прыехалі праз Расею
Нарвегія пачала масавую дэпартацыю мігрантаў, якія прыехалі праз Расею і спрабавалі атрымаць статус уцекачоў. Спробы праваабаронцаў спыніць выдварэнне і звароты ў міжнародныя структуры не далі плёну.
Як паведамляе ВВС са спасылкай на прадстаўнікоў «Amnesty International», першую партыю мігрантаў сабралі на былой ваеннай базе каля горада Кіркенэс на мяжы з Расіяй. Іх адвязуць аўтобусамі да памежнага пераходу.
Менавіта праз Кіркенэс цягам некалькіх месяцаў мігранты, сярод якіх пераважалі сірыйцы, перасякалі мяжу з Нарвегіяй. З-за асаблівасцяў расійскага заканадаўства, якое забараняе перасячэнне мяжы ў гэтым месцы пешшу, мігранты скуплялі ровары і на іх праязджалі на праз мяжу.
Усяго ў другой палове 2015 года ў Нарвегію такім чынам прыбылі 5500 асобаў. Усе яны мелі візы для знаходжання на тэрыторыі Расеі або прыдатныя для перасоўвання па Расеі транзітныя дакументы. Такім чынам, у афіцыйным Осла мяркуюць, што замежныя госці маглі прасіць прытулку яшчэ да прыбыцця ў Нарвегію.
У лістападзе нарвежскія ўлады закрылі мяжу для мігрантаў і ўнеслі змены ў заканадаўства. Цяпер у разглядзе хадайніцтва пра прытулак будзе адмоўлена, калі мігрант прыбыў з краіны, дзе яго жыццю нічога не пагражала. Расія лічыцца ў цэлым беспраблемнай у гэтым сэнсе краінай.
Праваабаронцы ў сваю чаргу выказваюць занепакоенасць тым, што дэпартаваныя ў Расею сірыйскія бежанцы не змогуць атрымаць там прытулак і будуць выдвараныя ў ахопленую вайной Сірыю.