Сустрэча актывістаў з абласной чыноўніцай не адбылася



Сустрэча гарадзенскіх актывістаў, якія  збіралі подпісы супраць абавязку мець банкаўскія тэрміналы для прыватных прадпрымальнікаў, што маюць гандлёвыя кропкі, з абласной чыноўніцай – не адбылася.  Амаль гадзіну мусілі чакаць грамадскія актывісты ля кабінета  Алены Агей, намесніцы старшыні аблвыканкаму.

suscynski_vieramiejenka

Кажа Сяргей Верамеенка, прадстаўнік Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, які там быў:

– Месяц таму мы запісаліся на прыём да Алены Агей. Сакратарка сказала, што бліжэйшы прыёмны дзень – 20 студзеня, і каб мы прыходзілі, калі гэтае пытанне застанецца для нас актуальным. Мы прыйшлі, мы хочам, каб з намі сустрэліся, каб нас выслухалі. Калі гэта абласная ўлада, то я лічу, што яна мусіць як мінімум размаўляць з жыхарамі Гародні і мусіць прадстаўляць іхныя інтарэсы. Калі мясцовыя ўлады, як яны кажуць, нічога не вырашаюць, то прынамсі яны могуць выказаць свае меркаванні вышэйстаячаму кіраўніцтву.

Некаторыя прадпрымальнікі, якія маюць стацыянарныя пункты продажу і паслугаў пачалі ўжо набываць банкаўскія тэрміналы. З таксістамі, якія таксама маюць абавязак набываць тэрміналы, праблема не вырашаная: ні цана, ні якасць як тэрміналаў, ні якасць 3D сігнала, на якім працуюць мабільныя тэрміналы ў Гародні.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня