„Суседcкія былі” Віктара Сазонава – цяпер і па-беларуску



Кніжка апавяданняў „Суседcкія былі” па-беларуску гарадзенца Віктара Сазонава ўбачыла свет у Беластоку. Кніга падрыхтавана праграмнай Радай беларускага тыднёвіка „Ніва”. Першае выданне кніжкі выйшла на польскай мове ў перакладзе Марціна Рэмбача. „Гэта дапоўненае выданне,” – кажа аўтар, Віктар Сазонаў.

– Найперш хочацца падзякаваць усім, хто спрычыніўся да выдання гэтай кніжкі. Ідэя такая: каб зафіксаваць вось гэтыя мудрасці, зафіксаваць гэтыя з’явы, нейкі гумар, нейкія падзеі, каторыя я бачыў на свае вочы, каторыя людзі расказвалі. Ідзе глабалізацыя, людзі пераязджаюць у гарады. Зноў жа адбываецца вялікая міграцыя – адны людзі з’язджаюць, другія прыязджаюць. І вось захацелася вельмі зафіксаваць той час, каб людзі не забыліся пра яго, каб паглядзелі, які ён быў – ці ён быў добры, ці ён быў кепскі, каб стараліся захаваць сваё, беларускае.

Абразкі з жыцця беларусаў, якія склалі гэтую кнігу, ужо мелі вялікі поспех на радыёхвалях Рацыі і на старонках тыднёвіка „Ніва”. Цяпер папяровы варыянт прыйшоў да беларускага чытача. Выданне мае невялікі наклад, усяго 300 асобнікаў. Уступнае слова да выдання напісаў Яўген Вапа, а рэдагаваў кніжку Уладзімір Хільмановіч.

Susiedskija_Byli_okladka.indd

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя