Беларусь цікавіць польскі вопыт рыбаводства



Беларусь хоча супрацоўнічаць з Польшчай па развіцці рыбаводства. Гэтае пытанне на форуме ў Менску закраналі спэцыялісты з абедзвюх краінаў. Яны абмеркавалі магчымасці супрацы і абмяняліся вопытам па гэтым пытанні.

Для Беларусі гадоўля прэснаводнай рыбы тым больш важная, што краіна не мае непасрэднага доступу да мора.

Дырэктар Інстытута рыбнай гаспадаркі Акадэміі навук Беларусі Уладзімір Агеец тлумачыць, што аб’ём вытворчасці рыбы ў Беларусі складае ад 10 да 15 тысяч тон рыбы ў год. Тым часам беларусы спажываюць штогод каля 160 тысяч тон рыбы.

Беларускія спецыялісты спадзяюцца, што супраца з польскімі калегамі можа дапамагчы скараціць імпарт марской рыбы.

У сваю чаргу Рышард Кольман з Інстытута прэснаводнага рыбалоўства ў Ольштыне выказаў надзею, што сённяшняя сустрэча, якая прайшла па ініцыятыве пасольства Польшчы ў Менску, прывядзе ў будучыні да сумесных праектаў па развіцці рыбнай гаспадаркі.