Кіеў анансаваў пачатак працэсу па вяртанні Крыма



Украіна мае намер ужо ў гэтым годзе запусціць дыпламатычную ініцыятыву па вяртанні Крыма. Пра гэта на палях эканамічнага форуму ў Давосе заявіла міністр фінансаў Украіны Наталля Ярэська, паведамляе Reuters.

«Мы не згодныя [з тым], што Крым сышоў. У гэтым годзе мы сапраўды пачынаем актывізаваць працэс па вяртанню Крыма», – заявіла Ярэська.

Яна ўдакладніла, што Кіеў плануе стварыць дыпламатычны форум накшталт жэнеўскага фармату, у які ўваходзілі б Расея, Украіна, Еўразвяз і ЗША.

«Мы разлічваем на стварэнне нечага большага, чым жэнеўскі фармат, для таго, каб пачаць дыялог пра тое, каб вярнуць Крым Украіне», – сказала Ярэська.

Reuters таксама адзначае, што па словах некаторых экспертаў, Украіна можа паспяхова выкарыстоўваць анэксію Крыма ў якасці рычага ціску на Расею ў судовым пазове аб нявыплаце так званага доўга Януковіча ў памеры $3 млрд. У той жа час, па словах агенцтва, Ярэська адмовілася каментаваць гэтую магчымасць.

Раней прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падчас выніковай прэс-канферэнцыі па падзеях 2015 заявіў, што для краіны застаецца прыярытэтным пытанне аб вяртанні Данбаса і Крыма, які Кіеў працягвае лічыць сваімі. Парашэнка таксама казаў аб неабходнасці стварэння новага фармату міжнародных перамоваў па гэтым пытанні.