Схілілі галовы ля магілы паэта
На гарадзенскіх могілках ва ўрочышчы Сакрэт сябры і калегі ўзгадалі гарадзенскага паэта і журналіста Юрыя Гуменюка, якога не стала тры гады таму. 19 студзеня 2013 году Юры выпаў з дзявятага паверху інтэрнату па вуліцы Сухамбаева, што знаходзіцца побач з ягоным домам. Юры супрацоўнічаў з нашым радыё, з Беларускай службай Польскага радыё, з іншымі СМІ.
Аднак ён для ўсіх гарадзенцаў быў перш-найперш паэтам. Пра гэта ўзгадвае ягоны калега па вершаваным радку Анатоль Брусевіч:
– Юра Гумянюк для мяне быў сябрам і калегам – таму што і паэт і таму што вучыліся, хоць і ў розныя гады, але на адной спецыяльнасці і цікавіліся аднымі і тымі ж самымі рэчамі. Літаратурнае жыццё ў Гародні працякала актыўна і цікава і не без удзелу Гуменюка. Таму мы сустракаліся вельмі часта.
Алла Петрушкевіч, паэтка:
– Юры быў паэтам, паэтам незвычайным. І паэтам вядомым у нас можна стаць, калі сыйдзеш. Яму не было аўдыторыі, яму не было чытачоў, яму не было слухачоў. Вось і я пачала любіць ягоную паэзію, калі яго не стала. Каюся перад ім і захапляюся ім. Але нікому не жадаю такога палёту, які ён абраў.
Сябры і калегі прачыталі на магіле паэта вершы і словы ўспамінаў, а ўніяцкі святар Андрэй Крот правёў адмысловую службу памінання.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя