Прызначаны новы мастацкі кіраўнік Падляшскай оперы і філармоніі



Павел Котля – новы дырыжор аркестра ды мастацкі кіраўнік Падляшскай оперы і філармоніі.  Апошнія гады ён працаваў у Вялікбрытанні і дырыжыраваў славутымі аркестрамі, ужо раней меў магчымасць пазнаёміцца з  беластоцкімі музыкамі.

56a115fe414fd_p

Галоўным крытэрам выбару яго на пасаду галоўнага дырыжора былі ягоны досвед і бачанне рэпертуару ды развіцця аркестра – кажа дырэктар Падляшскай оперы і філармоніі  Дамян Танаеўскі:

– Гэта выбітны дырыжор, вядомы ў музычным свеце. Ён супрацоўнічаў з вялікімі дырыжорамі і музыкантамі. Я размаўляў з многімі польскімі дырыжорамі, але менавіта ягоная мастацкая канцэпцыя і бачанне перспектывы Падляшскай оперы і філрмоніі сугучныя з маімі.

„Я разлічваю на шчыльнае супрацоўніцтва з Усходам, у тым ліку – з  Беларуссю”,  – кажа дырыжор і мастацкі кіраўнік Павел Котля:

– Я б хацеў, каб аркестр рэгулярна выступаў у розных канцэртных залах. Я рэалізоўваў праекты з сімфанічнымі аркестрамі Беларусі, Украіны, Малдовы і Грузіі. Вельмі цешуся з таго, што цяпер маю магчымасць ісці па сцежках, якія праклаў раней.

Крэдыт даверу новы дырыжор мае таксама ў аркестра. Канцэртмайстар Станіслаў Кук спадзеецца на прадуманую і доўгатэрміновую канцэпцыю развіцця працы аркестра Падляшскай Оперы і філармоніі, бо менавіта гэтага не хапала ў апошнія гады. Павел Котля падпісаў кантракт да канца чэрвеня 2017 года, а першы канцэрт павядзе ўжо ў пятніцу 22 студзеня.

Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота poranny.pl