Грамвуза – пірацкі востраў і бухта з ружовым пяском



Грамвуза – гэта невялікі пустынны востраў на скале ля паўночна-заходняга ўзбярэжжа Крыту. Дабрацца туды падарожніку можна толькі на турыстычным пароме з выспы. Каля гадзіны воднага шляху на караблі насычаны дзівоснымі краявідамі з то сонечнымі воднымі даляглядамі, то змрочнымі скаламі – слядамі даўняга жахлівага землятрусу. Надвор’е тут пераменлівае і туман з дажджом вельмі хутка змяняе сонца. Адзін з астравоў ужо здалёк нагадвае соннага алігатара, і калі да яго набліжаешся, ілюзія магутнай жывёлы толькі ўзрастае.

Бліжэй да берагу вострава-цвердзі на мелі можна ўбачыць рэшткі старога карабля. У 70-ыя гады ўжо мінулага стагоддзя на ім кантрабандысты перавозілі наркотыкі. Крыцкая паліцыя ўрэшце злавіла злачынцаў, карабель спалілі, а тое, што ад яго засталося, наўмысна пакінулі для аглядання.

Старадаўняя цвердзь Грамвуза на бязлюдным востраве была пабудавана ў 1579-ым годзе венецыянцамі, якія тады валодалі ўсім Крытам, для таго каб бараніцца ад туркаў. Грамвуза вельмі доўга, нават тады, калі Крыт быў захоплены Асманскай імперыяй, заставалася ў валоданні Венецыі. Асноўнай мэтай гэтай крэпасці была ахова гандлёвых шляхоў. Але, як часта бывае, знайшоўся здраднік – нейкі неапалітанскі капітан, які здаў Грамвузу туркам. Далей яе адваявалі дзёрзкія крыцкія паўстанцы.

Пазней у змаганні за невялікі востраў было праліта нямала крыві, ён часта пераходзіў з рук у рукі. Урэшце тыя крыцкія патрыёты, што захапілі выспу, сталіся піратамі. Спярша яны рабавалі выключна турэцкія і егіпецкія караблі, але потым увайшлі ў сапраўдны “смак” і не праміналі ўжо нікога. На востраве з’явілася сталае насельніцтва, былі пабудаваны школа і нават царква, якая атрымала парадаксальнае імя – Багародзіцы Крадзёжніцы.

Урэшце скаргі еўрапейскіх дзяржаў прывялі да таго, што кіраўніцтва Грэцыі разграміла піратаў. Да сёння на выспе са стромымі берагамі з надзвычай беднай расліннасцю, куды ня так проста ўскараскацца, засталіся рэшткі пабудоваў і згаданай царквы. Са сценаў старажытнай цвердзі можна доўга любавацца марскімі краявідамі.

А паблізу Грамвузы бухта Балос з надзвычай плыткімі затокамі і незвычайным ружовым пяском. Тут заўсёды шмат людзей з малымі дзецьмі, якім бавіцца на гэтым цёплым пясочку ў ласкавай вадзе асабліва прыемна. Не менш задавальнення атрымліваюць і дарослыя.

Халоднай беларускай зімой выспа Грамвуза і бухта Балос успамінаюцца з асаблівымі пачуццямі…

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара