Кантроль за інфармацыйнай прасторай стане больш жорсткім (абноўлена)
У Беларусі ствараецца Рэспубліканская экспертная камісія для ацэнкі інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці альбо адсутнасці ў ёй праяваў экстрэмізму. Рэдактар незалежнага выдання “Наша Ніва” Андрэй Скурко не бачыць асаблівага сэнсу ў стварэнні яшчэ адной кантрольнай установы:
-У нас і так столькі бюракратычных структур і столькі кантралёраў стаіць над выданнямі, прэсай, незалежнымі СМІ. У гэтай, дадатковай, асаблівага сэнсу няма. Навошта ствараць структуру, якая будзе асобна аналізаваць нейкія праявы экстрэмізму ў СМІ, калі, ў прынцыпе, гэта задача Міністэрства інфармацыі? Відавочна, што гэта ствараецца ў перадвыбарны год.
Паводле пастановы Савета Міністраў, экспертныя камісіі з філосафаў, псіхолагаў, філолагаў і сацыёлагаў, а таксама прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, створаць у кожнай вобласці. Па Менску гэтыя функцыі будзе выконваць Рэспубліканская камісія. Заключэнне абласной экспертнай камісіі можна будзе абскардзіць у рэспубліканскай, ва ўсіх іншых выпадках – толькі ў судзе.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
У Беларусі ствараецца Рэспубліканская экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці ці адсутнасці ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму. Для чаго гэта робіцца, калі незалежныя СМІ і так пад кантролем дзяржавы? Якія наступствы чакаюць журналістаў пасля стварэння камісіі? Пра гэта распавядае журналіст і палітолаг Пётр Марцаў.
Пастанова прадугледжвае стварэнне сістэмы экспертных камісій у кожнай з абласцей Беларусі. Рэспубліканская экспертная камісія, створаная пры Міністэрстве інфармацыі, будзе таксама выконваць функцыі экспертнай камісіі па горадзе Менску.
Паведамляецца, што ў камісію ўвойдуць аўтарытэтныя эксперты ў сферы філасофіі, псіхалогіі, філалогіі, сацыялогіі, а таксама прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, якія ажыццяўляюць процідзеянне экстрэмізму, што дасць магчымасць усебакова і кампетэнтна разглядаць матэрыялы на прадмет наяўнасці ў іх прыкмет экстрэмізму.
Пётр Марцаў: Я наогул не разумею, навошта ствараецца гэтая камісія, бо ўлада і так кантралюе СМІ. Усе вышэйпрыгаданыя працэсы павінна кантраляваць пракуратура. Але зараз, магчыма, вырашылі ўзмацніць барацьбу з незалежнымі СМІ праз барацьбу з экстрэмізмам. Ведаючы нашу краіну, любая дадатковая камісія цягне за сабой дадатковы ўзмоцнены кантроль за нейкімі публікацыямі і распаўсюдам інфармпрадукцыі.
РР: Але навошта ствараецца камісія? З-за падзеяў ва Украіне альбо з-за таго, што набліжаюцца прэзідэнцкія выбары?
Пётр Марцаў: Думаю, у большай ступені – з-за падзеяў ва Украіне. Тая інфармацыйная вайна, якая суправаджае ўзброены канфлікт, мае дачыненне і да Беларусі. Наша краіна ўжо ўцягнулася ў гэты інфармацыйны канфлікт.
РР: Якія наступствы могуць быць для незалежных СМІ пасля таго, як пачне працаваць камісія?
Пётр Марцаў: Мне здаецца, што ніякіх. Незалежныя СМІ ўжо ўсё выпрабавалі на сабе, што толькі можна. Раней, калі хацелі разабрацца з тым ці іншым мас-медыя, разбіраліся без аніякіх дадатковых структураў. Таму нічога новага не будзе. Стварэнне камісіі – гэта яшчэ адно папярэджанне незалежным СМІ быць пільнымі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя