Афіцыйны прафсаюз не бароніць работнікаў



У Полацку мясцовая арганізацыя Свабоднага прафсаюза стала на абарону чатырох работніц полацкай крамы „Гарызонт”, якія былі зволненыя з працы.

Старшыня Свабоднага прафсаюза вытворчага аб’яднання „Полацак-Шкловалакно” Віктар Стукаў адзначае, што гэтыя звальненні абсалютна незаконныя, бо дырэктар выкарыстоўваў схаваныя камеры назірання, што катэгарычна забараняецца:

– Чатыры прадавачкі крамы “Гарызонт” звольнілі. Дырэктар усталяваў схаваную відэакамеру, і гэта выкарыстоўваў супраць іх, даказваючы, што яны там нешта парушылі. Чатырох звольніў, дзве праз суд патрабуюць аднаўлення на працы. Яны там былі ў сваім прафсаюзе, але той прафсаюз стаў на бок дырэктара.  

Пасля гэтага работніцы выйшлі з афіцыйнага прафсаюза і ўступілі ў Свабодны прафсаюз. Цяпер іх справай займаецца юрыст Свабоднага прафсаюза. Чарговае судовае пасяджэнне ў гэтай справе адбудзецца ў Полацкім раённым судзе 2 лютага.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя