Беларускі рубель адыграў частку пазіцый у даляра і еўра
Беларускі рубель на фоне ўмацавання расейскай валюты ў пятніцу 22 студзеня адыграў пазіцыі ў адносінах да даляра ЗША і еўра: курс амерыканскай валюты знізіўся амаль на 500, а еўрапейскай – амаль на 1.000 рублёў.
Пасля значнага падзення ў чацвер на пятнічных таргах Беларускай валютна-фондавай біржы беларускі рубель умацаваўся да даляра на 469 рублёў да 21.095 рублёў, або на 2,17%. Такім чынам, даляр на біржавых таргах патаннеў толькі другі раз з пачатку года. Апошні раз курс даляра зніжаўся на таргах 19 студзеня. Курс еўра знізіўся на 970 рублёў – да 22.809 рублёў, або на 4,08%.
Тым часам курс расейскага рубля вырас на 1,76 рубля (0,68%) да 262,00 рубля.
Пры курсаўтварэнні Нацбанк выкарыстоўвае механізм прывязкі курса рубля да кошыка валют, у якім удзельная вага расейскага рубля складае 40%, а долі долара ЗША і еўра – 30% кожная.
Нагадаем, пры падрыхтоўцы рэспубліканскага бюджэту на 2016 год быў закладзены сярэднегадавы курс долара 18.700 рублёў.
Эксперты звяртаюць увагу, што цяпер магчымасці стрымліваць аслабленне беларускага рубля ва ўладаў адсутнічаюць, паколькі такія крокі могуць прывесці да фактычнага абнулення золатавалютных рэзерваў.
У пятніцу беларускі рубель умацаваўся да даляра і еўра ўслед за расейскай валютай, якая пачала адыгрываць пазіцыі яшчэ з вечара чацвярга. У пятніцу раніцай курс расейскага рубля працягнуў рэзкае ўмацаванне да даляра на фоне прыкметнага падаражання нафты.
Кошт сакавіцкіх ф’ючарсаў на нафту маркі Brent на лонданскай біржы ICE раніцай у пятніцу, 22 студзеня, вырас на 9,04% і склаў 30,65 даляра за бараль. Максімальная цана дасягнула 31,1 даляра. У чацвер на закрыцці таргоў бараль Brent каштаваў 29,25 даляра.
На гэтым фоне таргі валютай на Маскоўскай біржы адкрыліся 22 студзеня рэзкім умацаваннем рубля. Сярэдняўзважаны курс даляра да рубля разлікамі „заўтра” на ММВБ, па якім усталёўваецца афіцыйны курс Цэнтрабанка, да 11.30 пятніцы знізіўся на 3,02 рубля, склаўшы 80,5714 рубля.