У Маскве пачаліся польска-расейскія кансультацыі



22 студзеня ў Маскве праходзяць польска-расейскія палітычныя кансультацыі на ўзроўні віцэ-міністраў замежных спраў.

Дыпламаты абмяркуюць білатэральныя пытанні, сярод якіх: палітычныя двухбаковыя адносіны, эканамічнае, трансгранічнае і рэгіянальнае  супрацоўніцтва. На думку Марэка Буцько з фонду «Свабода і Дэмакратыя» сітуацыя на лініі Варшава – Масква ўжо наспела на столькі, каб расейскі бок ясна  выказаў: чаго чакае ад двухбаковых адносінаў з Польшчай:

— Я думаю, што менавіта гэта — мэта сустрэчы ў Маскве, пасля якой будзе ясна: па-першае, што ў справе вяртанне абломкаў прэзідэнцкага самалёта і ці расейцы ўвогуле хочуць гаварыць пра гэта, па-другое, ці яны ставяцца да нас, як да раўнапраўнага партнёра ў цэнтральна-усходняй Еўропе. Ёсць яшчэ некалькі драбнейшых справаў, якія цягнуцца не адзін год. Гэта, напрыклад, маёмасць расейскай амбасады ў Варшаве і некалькі менш значных пытанняў двухбаковых дачыненняў. Мяркую, што насамрэч менавіта рэакцыя расейцаў на просьбу вярнуць абломкі прэзідэнцкага самалёта будзе вызначальнікам расейскіх намераў на бліжэйшы час у нашай палітыцы.

Пытанне смаленскай катастрофы  у час сённяшніх дыпламатычных кансультацый у Маскве будзе абмяркоўвацца па ініцыятыве польскага боку. Тым часам, як адзначыў для штодзённіка «Rzeczpospolita» расейскі амбасадар у Варшаве Сяргей Андрэеў: «каркас  Тупалева не вернецца ў Польшчу да часу, пакуль абедзьве краіны не прыйдуць да ўзгаднгення, якія былі прычыны смаленскай авіякатастрофы».

Ці магчымыя змены ў дачыненнях на лініі Варшава – Масква паўпрываюць на польска – беларускія адносіны?  Марэк Буцько адзначае, што польска-беларускія дачыненні не павінны быць закладнікамі польска-расейскіх адносінаў:

Праўда, якую ведаюць усе, але ніхто не кажа пра гэта адкрыта, у тым, што чым горш у Расеі, тым большае незалежнасць у Беларусі, але я думаю, што мы, палякі, маем з беларусамі свае дачыненні, аснова якіх гэта: суседства, супольная мяжа,гандаль, шматвяковая супольная гісторыя, беларуская меншасць у Польшчы і польская — у Беларусі, культурная блізасць нашых народаў, таму нельга рабіць польска-беларускія дачыненні закладнікамі дачыненняў польска-расейскіх, але ў шырэйшай перспектыве гэта дакладна мае нейкі ўплыў.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя