Паўла Севярынца аштрафавалі завочна
Суд Маскоўскага раёна Менска пастанавіў аштрафаваць сустаршыню БХД Паўла Севярынца за акцыю 24 лістапада 2015 года. Суд праходзіў 19 студзеня без удзелу палітыка, бо позва была дасланая на адрас яго бацькоў. Яны ж атрымалі і рашэнне па выніках разгляду справы.
На падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП суддзя Віктар Казак, які патрапіў пад санкцыі ЕЗ яшчэ ў 2011 года, пастанавіў аштрафаваць Паўла Севярынца на 25 базавых велічынь, ці 5,25 млн рублёў.
„24 лістапада 2015 года каля 18:00 Севярынец П.К., знаходзячыся па адрасе г.Менск, вул. Савецкая, 11 прымаў актыўны ўдзел у правядзенні несанкцыянаванага пікетавання, пры гэтым ускладаў свечкі на прыступкі ЦВК Рэспублікі Беларусі, на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі не рэагаваў”, – гаворыцца ў пастанове.