Аднаўляюцца курсы «Ды-джэяў Адраджэння»
Легендарныя курсы “Ды-джэяў Адраджэння”, якія былі заснаваныя прыканцы 90-х гадоў, аднаўляюць сваю працу. Пра гэта заявіў стваральнік курсаў і аўтар кнігі «Ды-джэй Адраджэньня» Павел Севярынец. „У арганізацыі і ў змесце курсаў будуць змены,” – кажа іх нязменны вядоўца.
– Яны будуць трошкі адрознівацца ад ранейшых – трошкі па форме, трошкі па змесце. Цяпер мы будзем рабіць дзве секцыі ў кожным занятку і робім перапынак, таму што раней людзі відавочна стамляліся, гэта вечаровыя курсы. А абнаўленне змястоўнае – гэта новыя пытанні ў тэсце на “Беларускае IQ”, гэта новая інфармацыя, якую мы будзем даваць з улікам развіцця тэхналогій, сацыяльных сетак і развіцця грамадства.
Першыя заняткі курсаў адбудуцца 26 студзеня ў Арт-сядзібе (пр. Незалежнасці, д. 58, оф. 430), пачатак а 18-й гадзіне. Поўны курс утрымлівае 12 заняткаў, прадугледжаных для грамадскіх лідараў у галіне актыўнай беларусізацыі. Маладых людзей будуць вучыць як паспяхова і ўпэўнена выступаць, трымаць аўдыторыю, арганізоўваць масавыя мерапрыемствы, пераконваць беларусаў і натхняць іх.
[iframe id=”https://www.youtube.com/embed/ThZ_DcyBclg”]
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя