Марафон у падтрымку беларусаў, што ваююць ва Украіне
У Менску адбыўся першы дабрачынны марафон «Дапамажы беларускаму жаўнеру». Мэта – збор ахвяраванняў і аўкцыён карцін вядомых мастакоў, памятных сувеніраў дзеля дапамогі беларусам, што ваююць на баку незалежнай Украіны.
Арганізатара марафону Зміцер Дашкевіч распавёў Беларускаму Радыё Рацыя, што ідэя такой імпрэзы нарадзілася ў яго пасля наведвання суседняй краіны.
– Мая прыватная ініцыятыва ўзнікла пасля таго, як я некалькі разоў наведаў Украіну і пабачыў, як жывуць хлопцы. У іх не хапае многіх рэчаў, нават такіх элементарных як ежа, як магчымасць зняць кватэру падчас ратацый. Для мяне было шокам, што Украіна дабраахвотнікам, якія аддаюць за яе жыццё, нічым не дапамагае.
Валанцёрка з Кіева Вольга Гальчанка ўспамінае загінулага беларуса Алеся Чаркашына і кажа, што такія вось аукцыёны могуць выратаваць жыццё іншым ваярам:
– У яго была звычайная бронекамізэлька з адной пласцінай. Аскепак зайшоў збоку. Каб у яго была нармальная бронекамізэлька з бакавымі пласцінамі, з кеўларам, то хутчэй за ўсё ён застаўся б у жывых. Таму грошы – гэта магчымасць купіць экіпіроўку, якая дапаможа захаваць жыццё беларускім хлопцам, якія там ваююць.
Паводле Змітра Дашкевіча, першая імпрэза прайшла пасьпяхова – была прададзена палова ад прыкладна дзясятка выстаўленых карцін, сабрана шмат ахвяраванняў, гэта дазваляе спадзявацца на добры працяг ініцыятывы.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота racyja.com і svaboda.org