Разгляд „справы графіцістаў”: другі дзень суду (абноўлена)
У судзе абвешчаны перапынак да пятніцы, 14.30. Суддзі прынеслі нейкую запіску.
Фота svaboda.org
* * *
Падтрымаць графіцістаў прыйшоў Мікалай Статкевіч.
Фота svaboda.org
* * *
Працэс па „справе графіцістаў” аднавіўся. Максім Пякарскі і Вадзім Жаромскі на паседжанне спазніліся, бо іх затрымала ахова, якая ўчыніла дэталёвы агляд. Тым не менш, суддзя Ала Скуратовіч абвясціла Пякарскаму і Жаромскаму заўвагу. Працэс прадоўжыўся. Пракурор Сцяпурка працягнуў зачытваць матэрыялы справы.
Пра ўчарашні інцыдэнт са збіццём журналіста і актывістаў на працэсе і ў кулуарах нічога не кажуць ні пракурор, ні суддзя. Быццам не было такога інцыдэнту, паведамляе svaboda.org.
* * *
У судзе Фрунзенскага раёна Менска пачаўся суд па „справе графіцістаў”. Сярод надпісаў, нанясенне якіх следства паставіла ў віну траім хлопцам: Вадзіму Жаромскаму, Вячаславу Касінераву і Максіму Пякарскаму – „Беларусь мае быць беларускай”. Таксама яны абвінавачваюцца ў пашкоджанні білборда з рэкламай міліцыі. Вінаватымі сябе яны не лічаць. Максім Пякарскі не бачыць у сваіх дзеяннях крымінальнага злачынства:
– Лічу, што я здзейсніў максімум адміністрацыйнае правапарушэнне. Я не лічу ўвогуле гэта судом, лічу нейкім фармальным працэсам, які яны павінны адыграць па нашай справе. На дадзены час, гледзячы на палітычныя абставіны ў нашай краіне, у прынцыпе суровага пакарання не чакаю. Думаю, па маім 31-ым артыкуле павінен быць штраф. А ў маіх сяброў па 339-ым частцы 2-й, думаю, будзе ўмоўнае пакаранне.
Па меркаванні Вячаслава Касінерава, іх справа мае палітычную падаплёку:
— Вядома ўсім, што гэтая справа проста падстава, каб прыцягнуць да адказнасці канкрэтных няўгодных людзей. Прыцягнуць да адказнасці можна калі гэтая адказнасць мае месца быць, а тут ніхто ні перад кім не павінен адказваць. Нашы дзеянні не супрацьзаконныя, ўсё, што там было супрацьзаконнага, мы цалкам пакрылі, у двайным памеры, таму крымінальнасці тут не можа быць цяпер ніякай.
На судзе ў сваім выступе Вячаслаў Касінераў распавёў, што у час затрымання летам 2015 года быў моцна збіты. У яго быў двайны пералом сківіцы. Прычым збіццё адбылося, калі ён быў у кайданках. Па факце цяжкіх цялесных пашкоджанняў заведзена крымінальная справа. Аднак яна цяпер прыпынена, бо асоба, якая нанесла цяжкія пашкоджанні Вячаславу Касінераву, пакуль не выяўлена. Тым не менш малады чалавек мае намер дамагацца ўзнаўлення расследавання.
Сам судовы працэс пачаўся з затрыманняў. Міліцыя сілком выдаліла з залы і затрымала дваіх хлопцаў, якія разгарнулі плакат у падтрымку графіцістаў. З імі таксама быў затрыманы аператар tut.by. Усіх траіх аштрафавалі. Максіма Шыціка і Паўла Дабравольскага – аператара – на 45 базавых велічынь, а Паўла Сяргея на 50. Разгляд справы працягнецца заўтра ў 9.30.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Пачаўся допыт Вячаслава Касінерава. Ён дае тлумачэнні па эпізодзе аб закідванні лямпачкамі з фарбай сацыяльных банераў з выявамі міліцыянтаў.
* * *
Затрыманыя актывісты, які разгарнулі ў судзе транспарант супраць палітычных рэпрэсій у судах, — гэта Павал Сяргей і Максім Шыцік. Даведацца пра іх лёс пакуль не атрымліваецца. Іх тэлефоны не адказваюць.
[youtube id=”G1IGetAc1oQ”]
На працэсе абвешчаны перапынак да 14 гадзінаў.
* * *
Пачаўся допыт Максіма Пякарскага, ён адказвае па-беларуску.
Фота svaboda.org
Максім Пякарскі патлумачыў, што хацеў перадаць сваімі малюнкамі: ён выказаўся за тое, каб Беларусь захавала свой суверэнітэт, захавала мову і самабытную культуру.
Пякарскі сказаў, што гэта была ягоная ідэя малюнку на вуліцы Лынькова «Рэвалюцыя свядомасці. Яна ўжо ідзе». Элементы малюнку ён убачыў у інтэрнэце.
* * *
Адвакат запытаў у Вадзіма Жаромскага: У чым быў сэнс лозунгу «Беларусь мусіць быць беларускай»?
Жаромскі сказаў, што Беларусь атрымала незалежнасць і мусіць стаць такой, каб захавацца. Тое, што на лозунгу былі перакрэсленыя свастыка і серп з молатам, паводле Жаромскага, азначае, што Беларусь мусіць развітацца з камуністычным і таталітарным мінулым.
«Малюнкі, якія я маляваў, не нясуць ніякага адмоўнага мэсэджу. Тыя, хто іх бачыў, адчуваюць задавальненне», — лічыць абвінавачаны.
* * *
Максім Пякарскі прасіў суд дазволіць фота і відэа здымкі, але суддзя Ала Скуратовіч хадайніцтва не задаволіла.
Фота Белсат
Яшчэ адно хадайніцтва Пякарскага — каб працэс праходзіў па-беларуску. Абвінавачаны Касінераў таксама сказаў суду, што размаўляе толькі па-беларуску.
Пракурор за тое, каб працэс ішоў па-расейску, а калі абвінавачаныя хочуць даваць паказанні па-беларуску, хай даюць. Суд стаў на бок пракурора.
* * *
У зале вывесілі лозунг «Не палітычным пераследам». Актывісты крычалі: «Мастацтва — не злачынства», іх гвалтам вывелі з суду. У калідоры было чуваць гукі барацьбы.
Фота Белсат
Акцыю правялі два хлопцы адразу пасля таго, як суддзя пачала працэс. Правабаронцы іх не ведаюць.
* * *
У Фрунзенскім раённым судзе Менску пачаўся суд над трыма графіцістамі, якія ўлетку 2015 году зрабілі графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе…», а таксама запэцкалі фарбай сацыяльную рэкляму з выявай міліцыянта.
Фота svaboda.org
Перад судом паўсталі трое хлапцоў — Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі і Вячаслаў Касінераў. Маладыя людзі адбылі ўлетку амаль па месяцы ў следчым ізалятары, адкуль выйшлі пад падпіску аб нявыездзе пасля акцыяў салідарнасці і пратэсту.
Максіма Пякарскага будуць судзіць паводле артыкула аб апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасьці, Вадзіму Жаромскаму да гэтага абвінавачання дададзенае хуліганства ў складзе групы, Вячаславу Касінераву інкрымінаванае псаванне маёмасці.
Вадзім Жаромскі быў выпісаны са шпіталю ў Смаргоні адмыслова да суду.
* * *
У судзе надзвычайныя захады бясьпекі. Вакол суду патрулююць нарады АМАПу, у судзе праходзяць праверкі, у залю прапускаюць пасля вельмі пільнага нагляду праз рамку металашукальніка. Абвінавачаных у зале яшчэ няма, але палова залы ўжо занятая супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным, якія робяць выгляд, што яны звычайная публіка.
Прапусьцілі ў залю праваабаронцаў «Вясны», карэспандэнтаў «Белсату», адваката. У зале вядзецца відэаздымка.