Жыхары дома ў Бярозе адмовіліся ад паслугаў ЖКГ
Жыхары аднаго з пад’ездаў шматкватэрнага дома ў Бярозе адмовіліся на сходзе ад паслугаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі па прыборцы пад’езда. Яны лічаць, што павышэнне аплаты за прыборку павінна адпавядаць якасці. Іх зусім не задавальняе якасць прыборкі пры колькасці адзін раз на месяц, кажа старшыня сходу Святлана Свірская:
– Прыбіральшчыца ў нас прыбірала вельмі дрэнна. Калі да мяне прыязджалі госці, мне даводзілася самой мыць вокны, мыць пад’езд і мыць сцены. Я лічу, што кожны са мной згодны.
Жыхары не згодны таксама з метадамі аплаты за асвятленне і рамонт месцаў агульнага карыстання – калі аплата залежыць ад метражу кватэр. На думку жыхароў, у меншай кватэры можа жыць больш людзей, чым у большай. Такі разлік дае таксама магчымасць для маніпуляцый камунальнай гаспадарцы. І з гэтым пытаннем яны вырашылі звярнуцца да дэпутатаў.
Беларускае Радыё Рацыя