Анталія з турыстамі і без іх



Дастаткова прамовіць слова “Анталія”, каб усё астатняе ўзнікла перад вачыма само сабою: аквамарын Міжземнага мора, шэзлонгі з прыгажунямі ў бікіні, сімпатычныя прыморскія кафэ і, вядома ж, шматлікія гатэлі, якія працуюць па сістэме All Inclusive.

Турыст, які прыязджае ў Анталію, зрэдку будзе сядзець каля мора цягам усяго адпачынку. Пасля першых двух-трох дзён пляжнага лайдацтва сярэднестатыстычны турыст звычайна абгарае да баклажанавага колеру, шмаруецца антыпрыгарнымі мазямі і выпраўляецца ў цэнтр.

Цэнтр Анталіі – гэта асманскія мячэці, сярэднявечныя муры і, вядома ж, Брама часоў рымскага імператара Адрыяна. Калісь гэты даволі прагрэсіўны валадар Pax Romania вандраваў з Рыма ў Егіпет. У правінцыі Памфілія, куды на той час уваходзіла Анталія, ліслівы пракуратар і паставіў у гонар высокага госця гэту Браму. Дзіўна, але яна амаль без зменаў збераглася да нашых часоў.

Адразу за Брамай Адрыяна пачынаецца рынак. Натуральна, гэта не класічны турэцкі базар, а яго імітацыя “для турыстаў”. Дываны, спецыі, гарбата, кава, рахат-лукум і падробны антыкварыят выглядаюць на тых ятках занадта глянцавана, бы на рэкламных буклетах. Але, як і на кожным усходнім базары, не гандлявацца тут лічыцца прыкметай дурнога тону. Гандляр прапануе за тавар 100 лір, і калі турыст ведае мясцовыя звычаі, то называе свой кошт: максімум 2-3 ліры. Пасля непрацяглага, але імпэтнага гандлю гандляр атрымлівае 20 лір, да ўзаемнага задавальнення. І толькі ў гатэлі турыст разумее, што мог купіць тую як мінімум у два разы танней…

За базарам вуліцы неяк незаўважна звужваюцца і спускаюцца да “марыны”: так тут называюць порт. Кацеры і яхты спаборнічаюць між сабою ў прыгажосці формаў, але ж вока турыста вабяць найперш прагулачныя ветразнікі, дэкараваныя пад кінематаграфічныя пірацкія шхуны.

Але ж, акрамя турыстычнага цэнтра, у Анталіі, натуральна, ёсць і “спальныя раёны”. Некаторыя з іх можна ўгледзіць проста з борта прагулачнага кацера. Гэта лабірынты звычайных бетановых шматпавярховікаў, толькі падкрэслена паўднёвай архітэктуры. Двары, забітыя машынамі і смеццевымі бакамі. Гастраномы і дробныя лаўкі, дзе амаль не сустрэнеш традыцыйных “рахат-лукумаў”, адмыслова вырабленых для турыстаў. Туркі, якія жывуць у тых мікрараёнах, улетку амаль не бываюць на пляжах, дый нават марскія купанні раз на тыдзень для іх – бессэнсоўная страта часу.

Турыстычны сезон тут доўжыцца да канца кастрычніка, і на заробленае даводзіцца жыць ажно да траўня, калі наступае чарговы сезон.

[Not a valid template]

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара