Ці дапамогуць кітайскія крэдыты Гарадзеншчыне?



Больш за дзесяць інвестыцыйных праектаў з прыцягненнем кітайскіх крэдытаў маюць намер ажыццявіць улады Гарадзенскай вобласці. Сродкі будуць выкарыстаныя ў прамысловасці, будаўніцтве і медыцыне. Толькі на ажыццяўленне самага буйнога праекта – будаўніцтва азотнага комплекса на прадпрыемстве «Гродна Азот» патрабуецца адзін мільярд даляраў. Грошы патрэбныя таксама на  рэкаструкцыю дарогі Гародня Менск і будаўніцтва анкалагічнага дыспансера ў абласным цэнтры.

Аднак, на думку старшыні Беларускага рэспубліканскага прафсаюза работнікаў радыё-электроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча, прыцягненне кітайскіх крэдытаў з’яўляецца вельмі небяспечным шляхам і можа прывесці да вялікай залежнасці ад кітайскага боку:

— Іншых крэдытаў ніхто не дае. Кітай дае звязаныя крэдыты, яму гэта выгадна, бо ідзе ягоная прадукцыя і працоўная сіла ды яшчэ і адсоткі ім за крэдыты ідуць. Чаго ж не даваць такія крэдыты? Таму яны і называюцца звязанымі, бо ўсё даюць сваё і грошы свае, а вы будуйце, дарогі застануцца ў вас, а працоўныя нашы. Такія крэдыты зусім нявыгадныя Беларусі.

Кітайцы прапануюць беларускаму боку крэдыты як у далярах, так і ў сваёй нацыянальнай валюце – юанях. Агульная сума інвестыцыйных крэдытаў складае восем мільярдаў даляраў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня