Алесь Мазанік пачынае новыя курсы беларускай мовы
У Беларусі пачынаюць працу яшчэ адны курсы беларускай мовы, яны атрымалі назву “Мова з Імбрыкам”. Гэтыя курсы заснаваў вядомы прадпрымальнік, распаўсюднік беларушчыны і ўладальнік інтэрнэт-крамы беларускіх тавараў Imbryk.by Алесь Мазанік.
– Гэта курсы значна больш спрошчаныя, чым тая ж “Мова нанова”, бо я сам не маю філалагічнай адукацыі і адпаведна тое, што я буду выкладаць, гэта больш жыццёвая мова, калі можна так сказаць. То бок, людзі, якія будуць прыходзіць на курсы, яны будуць дзяліцца сваім досведам, і таксама буду нешта распавядаць і я: пра тое, як жывая беларуская мова можа суіснаваць у нашым грамадстве цалкам нароўні з рускай.
Праект можна назваць інтэрнацыянальным — курсы будуць праходзіць у Менску і Вільні. Учора, 24 студзеня, у Доме нацыянальных меншасцяў у Вільні ўжо адбылася прэзэнтацыя новых курсаў. У Менску праект стартуе 26 студзеня — у Арт Сядзібе.
Курсы «Мова з Імбрыкам» будуць адбывацца:
Менск — штоаўторак, 20.00, Арт Сядзіба (пр. Незалежнасьці, д.58, офіс 430).
Вільня — штосуботу, 17.00, у Доме нацыянальных меншасцяў (вул. Раугіклас, 25).
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя