Антыкрызісны форум ІП адбудзецца 1 лютага



Стала вядомая новая дата правядзення ў Менску чарговага Антыкрызіснага форума прадпрымальнікаў. Ён збярэцца 1-га лютага. Пра гэта паведаміў кіраўнік прадпрымальніцкага аб’яднання „Перспектыва” Анатоль Шумчанка. Мерапрыемства мусіла прайсці сёння, але было сарванае — прадпрымальнікі не атрымалі памяшканне, у якое змясцілася б тысяча і больш ІП. Як кажа Шумчанка, „адмовілі па надуманых прычынах, спецыяльна”.

– Зразумела, што за гэтым стаіць нейкая праўладная сіла, якая робіць усе гэтыя перашкоды. Канешне, яны сёння баяцца ўжо не толькі нейкіх вулічных пратэстаў, яны баяцца любога праяўлення салідарнасці людзей і любога праяўленне таго, калі людзі недзе сабраліся і пагаварылі. Бо ў нас тэма форума “Дзяржава і прадпрымальніцтва: роля, значэнне і прапановы малога бізнеса”.

Для форума, які прызначаны на 1-га лютага, было знойдзенае памяшканне ў менскім гатэлі „Пекін”.

Лідар прадпрымальнікаў кажа, што на форум запрошаныя кіраўнік дзяржавы і ўрад — для таго, каб „правесці прамыя перамовы з прадпрымальнікамі і вырашыць тыя праблемы, якія склаліся”.

З 1-га студзеня індывідуальныя прадпрымальнікі ў Беларусі мусяць мець сертыфікаты на ўсю прадукцыю. Яны сцвярджаюць, што атрымаць такія дакументы ў Расеі нерэальна. Таму, каб не трапіць пад штрафныя санкцыі, многія ІП прыпынілі працу.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя