Аксана Мушкат: Справядлівасць на свеце ёсць



Віцебскі абласны суд пакінуў у сіле рашэнне Глыбоцкага раённага суда, які аднавіў на працы рабочую  Глыбоцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Нягледзячы на тое, што працуючая ў гэтай установе Аксана Мушкат стала інвалідам, яе  звольнілі адтуль незаконым чынам, калі яна пачала адстойваць свае правы на больш лёгкія ўмовы працы.

Па словах  рабочай Глыбоцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аксаны Мушкат, яна ўпэўнілася ў тым, што ўсё ж справядлівасць на свеце ёсць. Яна раіць усім адстойваць свае правы, нягледзячы нават на цкаванне на працы:

– Працу ў нас цяжка знайсці, каб яна была, я б даўно з гэтага ЖКГ пайшла. Я хацела паказаць, што хоць я і прыбіраю, але ж я не быдла, як яны думаюць пра простых работнікаў: “мы, начальства, – богі, а вы – быдла”.

Акрамя таго, што Глыбоцкі раённы суд аднавіў на працы Аксану Мушкат, ён яшчэ прызначыў  Глыбоцкай жыллёва-камунальнай гаспадарцы  выплаціць ёй грашовую кампенсацыю ў памеры больш за восем мільёнаў беларускіх рублёў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае