У Расеі затрыманы стваральнік сайта 1863x.com



Ананімны стваральнік сайта 1863x.com, вядомы пад нікам Джон Сільвер (Jhon Silver), затрыманы ў адным з гарадоў Расеі. Пра гэта БелаПАН паведаміў грамадскі актывіст Павел Юхневіч, асабіста з ім знаёмы.

1863xcom-ezbds

Паводле яго слоў, аб затрыманні Джона Сільвера ён даведаўся ад яго жонкі, якой затрыманы паспеў патэлефанаваць. «Ён затрыманы дзесьці на тэрыторыі Расеі і чакае экстрадыцыі ў Беларусь. Пакуль гэтую інфармацыя (пра тое, у якім канкрэтна горадзе быў затрыманы – БелаПАН.) Абвясціць не можам для яго жа бяспекі», – распавёў Юхневіч.

За што быў затрыманы стваральнік сайта і навошта ён паехаў у Расею, невядома. Па наяўнай інфармацыі, МУС Беларусі абвясціла яго ў вышук за парушэнне падпіскі аб нявыездзе. Вядома таксама, што ў Беларусі на яго заведзеная дзве крымінальныя справы за распальванне міжнацыянальнай варожасці і распаўсюд парнаграфіі. Гэтыя справы тычацца публікацый на сайце 1863x.com, растлумачыў Юхневіч.

Паводле яго слоў, цяпер сваякі затрыманага спрабуюць атрымаць якую-небудзь інфармацыю пра яго ў расейскіх праваахоўных органах, але па тэлефоне ім такіх звестак не даюць. Юхневіч таксама адзначыў, што на дадзены момант жонка затрыманага «не гатовая размаўляць з журналістамі».

1863.com

Сайт 1863х.com быў створаны каля паўтары гадоў таму. На ім публікуюцца палітычныя тэксты, нярэдка з крытыкай уладаў Беларусі і Расеі. Стваральнік сайта вядзе яго на ўмовах поўнай ананімнасці. Адзіным сродкам сувязі з ім з’яўляецца інтэрнэт, з дапамогай якога ён трымаў сувязь з аўтарамі і даваў інтэрв’ю.

У лістападзе 2015 Джон Сільвер паведаміў на сайце: «Роўна паўгода таму, 5-га мая 2015 года, я быў затрыманы аператыўнай групай спецслужбаў, месяц правёў у «псіхушцы», на мяне завялі 2 крымінальныя справы, і ў пачатку кастрычніку 2015 -га мне давялося пакінуць Беларусь». Вядома, што ў апошні час ён знаходзіўся ва Украіне.