Каму неабходна збіццё журналіста? (абноўлена)
Старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак пракаментаваў збіццё журналіста ў судзе Фрунзенскага раёна падчас судовага працэсу над графіцістамі.
«Сітуацыю ў судзе Фрунзенскага раёна горада Менска пракаментаваць, не ведаючы ўсіх акалічнасцяў здарэння, не бяруся. Будзем разбірацца. Але ад сябе асабіста я прыношу прабачэнні ўсёй журналісцкай супольнасці», – напісала прэс-сакратарка Вярхоўнага суда Юлія Ляскова на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Каму патрэбна збіццё журналіста ў той час, калі ўлады ўзялі курс на збліжэнне з Захадам? Афіцыйны Менск вырашыў змяніць свой імідж?
Алег Гулак: На мой погляд, праблема палягае ў тым, што ў першую чаргу баліць галава, каб палепшыць імідж, у беларускага МЗС. А ўсе астатнія службы дакладнай каманды працаваць па-іншаму, відаць, яшчэ не атрымалі. Акрамя таго, праблема ўпіраецца яшчэ і ў канкрэтных выканаўцаў – што і як яны ўмеюць рабіць. Хоць я не думаю, што па адным факце можна казаць пра нейкую сістэмную змену курса, пра тое, што працэс пайшоў у зваротны бок. Але, як мінімум, дзяржслужбам, сілавікам варта сур’ёзней падумаць, як гэтую сістэму трэба стрымліваць.
РР: Прэс-сакратарка Вярхоўнага суда ад сябе асабіста выбачылася перад журналістамі за гэтую сітуацыю. А як, на ваш погляд, яна будзе развівацца далей?
Алег Гулак: Мы бачым, як яна развіваецца на гэты момант. Журналіста звінавацілі ў нападзе на міліцыянтаў, у тым, што той лаяўся… Традыцыйны набор абвінавачванняў. І суддзі сталі на бок сілавікоў, журналісту далі яшчэ і вялікі штраф. Зараз, калі ўлада зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні, трэба пераглядаць рашэнне суда. Але да гэтага часу наша сістэма не вельмі любіла даваць заднюю хаду, адмяняючы прынятыя рашэнні. Таму цікава будзе паглядзець на далейшае развіццё падзей. Альбо ўлада гатова мяняцца, альбо ізноў стане на абарону тых, хто творыць беззаконне?
РР: Можа быць, уладзе і на самой справе надакучыла гульня ў лібералізацыю?
Алег Гулак: Я не думаю, што збіццё журналіста – гэта быў, як кажуць, “загад з цэнтра”. Хутчэй гэта можна расцэньваць, як неадэкватныя паводзіны сілавікоў у канкрэтнай сітуацыі. Але далей улада павінна распрацаваць нейкія меры па стрымліванні такіх дзеянняў, чаго, на жаль, пакуль не бачна. І гэта вялікі мінус для ўсіх.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Беларуская асацыяцыя журналістаў рашуча асуджае напад на журналіста партала tut.by ды іншых асобаў у судзе Фрунзенскага раёна Менска.
Паўла Дабравольскага напярэдадні збілі супрацоўнікі АМАПа пры выкананні ім прафесійных абавязкаў. Журналіст асвятляў ход судовага працэсу па «справе графіцістаў». На яго складзены два пратаколы за «непавагу да суда» і «непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы».
БАЖ на сённяшнім паседжаніі разглядзеў гэту справу. Кажа прэс-сакратар БАЖа Барыс Гарэцкі:
– Гэту заяву мы накіруем беларускім уладам, а таксама пісьмова звернемся ў Следчы Камітэт Беларусі. Зробім зварот з патрабаваннем пачаць крымінальную справу супраць тых, хто ўчыніў учора гвалт. Паводле заканадаўства, пра крымінальныя злачынствы можа паведамляць не толькі той чалавек, якога збілі, але ўвогуле кожны грамадзянін, юрыдычная асоба. Таму мы звернемся ў Следчы Камітэт з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці людзей, якія ўчынілі гвалт у дачыненні да журналіста tut.by.
Журналіста збівалі людзі ў цывільным, якія апынуліся супрацоўнікамі АМАПа і сведчылі пазней супраць затрыманых у судзе. У Паўла Дабравольскага было пры сабе пасведчанне журналіста. У яго засталіся гематомы на твары і целе, парваныя куртка і штаны. Журналіст ужо напісаў заяву ў міліцыю, збіраецца зняць пабоі і звярнуцца ў суд.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота tut.by