Сяргей Нічыпарук: Такія трагедыі не павінны паўтарацца
Поўная зала кінатэатра, героі стужкі сярод гледачоў і жывая дыскусія пасля кінапрагляду. У беластоцкім кінатэатры “Форум” прайшла прэм’ера фільма “Сярожа” вядомага беларускага рэжысёра Юрыя Каліны.
Дакументальная стужка расказвае пра падляшскага прадпрымальніка Сяргея Нічыпарука. Важным момантам ягонага жыцця стала трагедыя ў Заляшанах, вёсцы, пацыфікаванай атрадамі польскага падполля пад кіраўніцтвам Рамуальда Райса, псеўданім „Буры”, дзе страціў многіх блізкіх. Гэта важны фільм для нас, беларусаў, казалі гледачы пасля паказа:
– У герояў стужкі можна навучыцца як падняцца, як выжыць і як дараваць.
– Добра, што такі фільм з’явіўся. І вельмі добра, што быў паказаны працяг гісторыі, і тое, як людзі могуць перажыць такую вялікую трагедыю.
Герой стужкі Сяргей Нічыпарук:
– Гэта неабходна маладым, каб яны маглі абвясціць свой вырак. Моладзь, перад якой усё жыццё, мае права і абавязак мець уласны голас, каб не здараліся ізноў такія трагедыі.
Гэта трэці за апошні час фільм Юрыя Каліны, героем якога стаў чалавек з Падляшша і гісторыя ягонага жыцця. Раней Каліна расказаў аб праваслаўным манаху Гаўрыілу ў фільме „Архімандрыт” і пра Дарафея Фёніка, які стварыў прыватны этнаграфічны Музей малой бацькаўшчыны ў Студзіводах.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота: скрыншот з Ютуб