Што чакае беспрацоўных?



Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання, адзін з арганізатараў і лідараў рабочага руху Беларусі Сяргей Антончык распавядае пра рост беспрацоўя, дэкрэт аб лайдаках і эканамічны крызіс.

Сяргей_Антончык

Як засведчыла афіцыйная статыстыка, за год узровень беспрацоўя павялічыўся ў два разы. Лічба ўнушальная!

Сяргей Антончык: Беспрацоўным у нас практычна няма куды ісці. Паглядзіце, якія рэчы зараз адбываюцца. Напрыклад, індывідуальныя прадпрымальнікі давалі магчымасць людзям уладкавацца ці пачаць сваю справу. Гэтае месца разбуранае, а значыцца беспрацоўе павялічыцца. На прадпрыемствах і так ідуць скарачэнні. Таму народ будзе шукаць нейкія часовыя месцы працы. Хтосьці з’едзе з краіны, а нехта, магчыма, і сап’ецца… У кожнага свой лёс. Але сітуацыя будзе для ўсіх вельмі цяжкая. Асабліва для тых, хто страціў працу.

РР: Ці да месца ў такой сітуацыі дэкрэт аб лайдаках, які пачаў дзейнічаць у краіне?

Сяргей Антончык: Гэты дэкрэт – наогул абсурд. Але яго задача, мне здаецца, у іншым. Дакумент прынялі, каб яшчэ больш застрашыць людзей, каб яны яшчэ больш адчувалі сваю безабароненасць. Бо, калі цяжкая сітуацыя, тады ўлада наадварот хоча паказаць, якая яна моцная і брутальная. Свае эканамічныя хібы, якія прыводзяць да беспрацоўя, улада закрывае нейкімі ўзаконенымі пагрозамі. Таму дэкрэт – спроба адміністратыўна запужаць людзей. А сам дакумент не будзе працаваць.

РР: Тое, што зараз адбываецца, улада спісвае на знешні эканамічны крызіс. Унутраны тут ні пры чым?

Сяргей Антончык: Я лічу, што гэта больш унутраныя праблемы, бо ў той жа Польшчы ці Чэхіі такіх крызісных праяваў няма. Чаму ва ўмовах сусветнага крызісу няма такіх наступстваў у нашых суседзяў? Так, Беларусь знаходзіцца ў залежнасці ад Расеі, а таму ўсе яе хваробы перакідваюцца і да нас. Дык што, гэта нармальная сітуацыя для незалежнай краіны?

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя