Ліцьвіны ўкраінска-беларускага сумежжа



Есць такая гістарычная показка. Аднойчы Гасподзь Бог вырашыў стварыць ліцьвінаў. І нарабіў іх так багата, што ўжо не ведаў, куды падзець. Засяліліся тыя ліцьвіны і на Дзвіне, і на Дняпры, і на азёрах, і нават непадалёк Дзясны. А Гасподзь Бог іх працягвае ствараць… Падлятае да Госпада анёл і пытаецца: маўляў, а нашто ты так шмат ліцьвінаў робіш? На што Гасподзь Бог і адказвае: “хопіць ліцьвінам месца і да Дзясны, і за Дзясной!..”

Людзі, якія жывуць у Чарнігаўшчыне на поўнач ад Дзясны, і пагэтуль іншым разам самаідэнтыфікуюцца “ліцьвінамі”. Так іх калі-нікалі называюць і тыя жыхары Сівершчыны, якія насяляюць поўдзень гэтага краю.

Як жывуць цяпер ліцьвіны ўкраінска-беларускага сумежжа? Ці захавалі яны нейкія своеасаблівасці, ці адрозніваюцца іх мова, звычаі і побыт ад украінскіх?

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з чарнігаўскім грамадскім актывістам, краязнаўцам і гісторыкам Аляксандрам Ясянчуком, які паходзіць з Гарадняншчыны, сумежнай з Беларуссю.

Аляксандр Ясянчук: Паўтары тысячы гадоў таму на тэрыторыі ўкраінска-беларускага сумежжа жылі балты. Іх антрапалагічныя рысы можна пабачыць там і цяпер. Украінскі антраполаг Фёдар Вовк калісь праводзіў грунтоўныя даследванні на гэты конт. Людзі ў сумежжы, асабліва на Рэпкіншчыне і Гарадняншчыне, падобныя да балтаў, то бок, да беларусаў. Адзінае, што мова крыху іншая, чым у іх паўночных братоў. Гістарычна сумежжа было на мяжы двух уплываў: Вялікага Княства Літоўскага з поўначы і Гетманшчыны – з поўдню. Тут захаваліся ўнікальныя традыцыі, якія пазнікалі ў іншых месцах…

РР: А як самаідэнтыфікуюцца людзі ва ўкарінска-беларускім сумежжы?

Аляксандр Ясянчук: І пагэтуль людзей, якія жывуць на поўначы нашай вобласці, за Дзясною, іншым разам называюць “ліцьвінамі”. Памятаю, быў я ў гасцях на Баразняншчыне, у кума, і адна старая пытаецца: маўляў, ты адкуль? З Менскага раёна, адказваю. “А, то вы – ліцьвіны!..” Такая ж сітуацыя і ў Ноўгарад-Сіверскім раёне. Жыхары Сумской вобласці, напрыклад, называюць іх таксама “ліцьвінамі”. Хаця жывуць яны ўсяго толькі па розных берагах ракі. Паводле адной версіі, слова “ліцьвіны” захавалася яшчэ з тых часоў, калі гэтыя землі ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага. Паводле іншай, куды больш радыклальнай, гэта – этнічныя беларусы. Там і сапраўды даволі багата вёсак з тыпова беларускімі тапонімамі, з канчаткамі на “-ічы”: “Кукавічы”, “Ціханавічы”, “Ярылавічы”… Ёсць, дарэчы, кніжка Леаніда Кучмы, былога прэзідэнта Украіны, якая называецца “Украіна – не Расея”…

РР: Сам ён паходзіць з чарнігаўскай вёскі Чайкіна, што блізка ўкраінска-беларускай мяжы…

Аляксандр Ясянчук: Так! І вось на першых старонках ён расказвае пра сваё дзяцінства. І нават дае ўзор сваёй “чайкінскай гаворкі”. Магчыма, яна нават бліжэйшая да беларускай, чым да ўкраінскай выразным “дзэканнем”. Але пры гэтым Кучма адчувае сябе менавіта ўкраінцам… Быў у нас калісь такі навукоўца Вінаградскі, заснавальнік Сосніцкага музея. Ён склаў вельмі цікавую мапу – і сіверскай этнаграфіі, і сіверскіх гаворак. Калі верыць ёй, ёсць своеасаблівы “клін”: Карукаўскі, – з аднаго боку, больш украінскі. А  Сямёнаўскі і Ноўгарад-Сіверскі бліжэй да Беларусі: і гаворкаю, і традыцыйнымі строямі. Тое ж самае можна сказаць пра Гарадняншчыну і Рэпкіншчыну. Увогуле, там багата людзей, якія зарыентаваныя на Гомель: вучацца там, працуюць… Да Гомеля адтуль даехаць нават прасцей, чым да Чарнігава. Дый мова і культура больш набліжаная да беларускай. Вядома, гэта зусім не азначае, што гэтую тэрыторыю трэба аддаваць у склад Беларусі! Ёсць у мяне думка, што ўсё гэта – нашчадкі старажытнага племені “сівяранаў”, якія цалкам маглі б стаць чацьвёртым ці пятым усходнеславянскім народам.

РР: А на каго ўкраінска-беларускае сумежжа арыентуецца палітычна – на Кіеў ці на Менск?

Аляксандр Ясянчук: У 2008 годзе ровенскі губернатар Васіль Чэрвоны, ужо нябожчык, разам з Еўразвязам закладаў розныя культурніцкія структуры для дапамогі беларусам. І вось паехаў я дзяліцца сваім досведам. Ровенская вобласць мяжуе з Берасцейскай. На поўначы Ровенскай вобласці не прымаецца ўкраінскае тэлебачанне, затое прымаецца беларускае, і шмат хто перакананы, што іх прэзідэнт – Лукашэнка. Такая ж самая сітуацыя і ў нас на поўначы Чарнігаўшчны, у памежных з Беларуссю раёнах, Рэпкінскім і Гараднянскім… Не, большасць, вядома ж, ведае, хто ёсць прэзідэнтам, але ж ёсць такія, хто і сумняецца.  І трошкі блытаюцца, хто ж у іх прэзідэнт: ці Кучма, ці Януковіч, ці Лукашэнка… Але так, як Лукашэнка – вечны, бо яго гадоў дваццаць паказваюць па тэлевізару, некаторыя ўпэўненыя, што прэзідэнт – менавіта ён. Усіх гэтых Кучмаў і Януковічаў можна змяніць, а вось Лукашэнку – не. Бо па беларускіх тэлеканалах стабільна паказваюць яго вусы, і самога Лукашэнку можна стабільна пабачыць “у скрыні”.

РР: Украінска-беларускае сумежжа – яно, на ваш погляд, неяк развіваецца ці дэградуе?

Аляксандр Ясянчук: Вёскі там выміраюць па-страшнаму. Яшчэ ў 60-х гадах Чарнігаўская вобласць была на першым месцы ва Украіне па смяротнасці ва ўсім СССР. Пасля Чарнобыля сітуацыя стала зусім катастрафічнай. Мы стабільна займаем першае месца ва Ўкраіне па стратах насельніцтва. Кожныя поўгады з мапы Чарнігаўшчыны знікае адна вёска.

РР: То такімі тэмпамі гадоў праз 20-30 усё сумежжа абязлюднее!

Аляксандр Ясянчук:  Прырода не церпіць пустаты. На поўначы вобласці, у Карукаўскім раёне, атабарылася цэлая брыгада кітайцаў. Жывуць калгасам і гадуюць свінняў. Так што калі ўсе вымруць, край не абязлюднее…

РР: Не ўпэўнены, аднак, што тыя ж кітайцы будуць падтрымліваць традыцыі ўкраінска-беларускага сумежжа. А што яны авалодаюць унікальнай мовай сумежжа – і пагатоў!

Аляксандр Ясянчук: Маеце рацыю…  На вялікі жаль.

РР: А як, на вашу думку, можна адрадзіць украінска-беларускае сумежжа?

Аляксандр Ясянчук: Тут вельмі багаты патэнцыял, які не выкарыстоўваецца. Узяць той жа турызм: цудоўная прырода, багатая гістарычная спадчына… Кемпінг, паляванне, рыбалка – калі ласка! Гэта таксама патэнцыял нашага краю.

Згодна ўкраінскай Вікіпедыі, беларусаў ва Украіне ажно да ХХ стагоддзя называлі “ліцьвінамі”.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя