Пагроза суверэнітэту як ніколі сур’ёзная
Стварэнне ў Маскве так званага камітэту „25 студзеня” – адна з праяваў імперскасці і шавінізму, якія апошні час пануюць у Расеі. У камітэт увайшлі такія адыёзныя дзеячы, як пісьменнік Эдуард Лімонаў, адзін з ініцыятараў стварэння ДНР Ігар Стралкоў (Гіркін) і іншыя. Сярод мэтаў арганізацыі – далучэнне Беларусі і Украіны да Расеі. Па словах кіраўніка Руху „За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, падобныя групы і раней існавалі ў Расеі, але яны доўгі час былі прыхаваныя і, можна сказаць, маргінальныя.
– А зараз гэта сэнс вялікадзяржаўнай палітыкі. Я называю гэта фашызацыяй Расеі, таму што тое, што зараз робіцца ў расейскіх дзяржаўных медыях – гэта прывядзенне грамадства ў стан жорскай, дрымучай агрэсіі. Праўда, гэтая заява зроблена ад імя невялікай групы. Але самае кепскае гэта тое, што Расея цвёрда паставіла на імперскую палітыку. І гэта непасрэдная пагроза для людзей Беларусі.
„Прабеларускія сілы, усе, хто выступае за захаванне дзяржавы, за яе незалежнасць, павінны яднацца. Таму што пагроза суверэнітэту як ніколі сур’ёзная”, – лічыць Аляксандр Мілінкевіч.
* * *
„Спробы рэваншу расейскіх шавіністаў прывядуць толькі да хуткага развалу самой Расейскай Федэрацыі”, – лічыць кіраўнік Руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык. Так палітык адрэагаваў на стварэнне ў Расеі так званага камітэту „25 студзеня”.
Вячаслаў Сіўчык:
– У гэты аргкамітэт увайшоў Лімонаў, які атрымліваў па твары ў Менску, калі прыязджаў са сваімі імперскімі ідэямі. Я думаю, ён тады ўжо зразумеў, што такое Беларусь, таму вось гэтыя іхныя “панты”, што яны когосьці лічаць за рускіх, няхай пакінуць сабе. Яны развальваюцца, яны загніваюць. І нават баяцца сказаць у адкрытую супраць свайго “карліка”. Таму яны папросту няжыццездольныя.
„Хаця, „дзякуючы” двум стагоддзям расейскай акупацыі, у падобных ідэяў ёсць прыхільнікі і ў Беларусі. Але іх няшмат і яны хутка знікнуць у ходзе тых гістарычных падзеяў, да якіх набліжаецца Усходняя Еўропа”, – лічыць Вячаслаў Сіўчык.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя