Якім людзям мы хочам падабацца?
Цікавая краіна ў нас… Не навіна! І супярэчлівая – таксама факт.
Скончылася грамадская экалагічная экспертыза праектнай дакументацыі па будаўніцтве свінагадоўчага комплекса на 100 тысяч галоў у год і пад’язных дарог да яго… Свінакомплекс павінен з’явіцца побач з вёскай Соўлава Маладэчанскага раёна Менскай вобласці. Экспертыза доўжылася ад 23 снежня 2015 года да 21 студзеня 2016 года. Папярэднічала ёй шырокае грамадскае абмеркаванне праблемы грандыёзнага свінакомплекса на рэгіянальным узроўні, у тым ліку і ў СМІ. Часу на ўсё гэта было насамрэч малавата. Эксперты прыйшлі да той простай высновы, што будаўніцтва свінакомплекса каля Соўлава не адпавядае патрабаванням заканадаўства. Пабудова такіх вялізных аб’ектаў у прынцыпе не адпавядае заканадаўству ды інтарэсам дзяржавы, калі мець на ўвазе пад інтарэсамі дзяржавы здароўе яе грамадзянаў. Калі…
Добра, калі будаўніцтва свінакомплекса каля Соўлава не адпавядае патрабаванням заканадаўства, то яшчэ пытанне, ці будзе ён пабудаваны. Надзея застаецца. Надзея, што мы перарасцем такую гігантаманію.
Вось збіваць журналістаў на працы таксама незаконна, але за апошнія 10 год журналістаў у Беларусі збівалі не менш за 30 разоў. Па самых сціплых падліках. Апошні брутальны выпадак – збіццё журналіста інтэрнэт-партала Tut.by Паўла Дабравольскага ў будынку суда. Потым яму ж яшчэ і штраф выпісалі за ўсю “гісторыю”… Пэўна, каб адчуў напоўніцу сваю віну за выбар брутальна-экстрэмальнай прафесіі. Праваахоўнікі наўрад ці будуць пераймацца з-за свайго прафесійнага выбару… Дарэчы! Кіраўнік дзяржавы заявіў міліцыі: вы павінны зрабіць усё, каб спадабацца чалавеку сваімі дзеяннямі.
Журналісты – таксама ж людзі, праўда?