Ці знізіць Беларусь нафтазалежнасць?



Эканаміст Барыс Жаліба распавядае пра тое, чым беларускія ўлады могуць кампенсаваць страты ад экспарту нафтапрадуктаў.

Барыс Жаліба

Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у студзені-лістападзе 2015 году знізіўся на 31,9% у параўнанні з аналагічным перыядам мілуга году, экспарт нафты – на 48,9%, піша БелаПАН.

За 11 месяцаў экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у грашовым выражэнні склаў 6,26 млрд. даляраў і знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2014 годуа амаль на 3 мільярды даляраў. Барыс Жаліба: Няма чым запаўняць беларускім уладам гэтыя нафтавыя страты. Асабліва зараз, калі расейскі рынак не купляе ў мінулых аб’ёмах ні беларускія МАЗы, ні БелАЗы, ні трактары. А экспарт нафты і нафтапрадуктаў дае трэць прыбытку для бюджэту краіны, а можа і больш. Таму створаны вакуум запоўніць практычна няма чым.

РР: Што можна было б зрабіць у такой сітуацыі?

Барыс Жаліба: Трэба ўдасканальваць тое, на чым спецыялізуецца краіна і пастаўляць не толькі ў Расею, але і шукаць іншыя рынкі. Неабходна больш развіваць высокатэхналагічныя галіны. Але для гэтага трэба правесці іх глыбокую мадэрнізацыю за кошт новых тэхналогій. А новыя тэхналогіі ў асноўным на Захадзе. Але з заходнім капіталам у нас заўсёды быў вялікі дэфіцыт. Па інвестыцыях на душу насельніцтва мы заўсёды знаходзімся на апошніх месцах.

РР: Зараз дзяржава выстаўляе на продаж некалькі дзесяткаў буйных і не вельмі прадпрыемстваў. Можа гэта неяк выратуе?

Барыс Жаліба: Па-першае, там прадаць хочуць толькі 25 адсоткаў акцый плюс адну. Па-другое, позна гэта ўсё робіцца. Той жа “Гарызонт” некалі хацеў набыць “Філіпс”, але справа закончылася нічым. МАЗ маглі раней прадаць немцам, бо раней з кампаніяй MAN былі нейкія паспяховыя сумесныя праекты. А зараз асноўныя сродкі беларускіх прадпрыемстваў састарэлі, таму вялікае пытанне, ці спатрэбяцца яны каму-небудзь наогул.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя