«Каб аднойчы…» — кніга і дыск памяці Барадуліна
Пабачыла свет кніга «Каб аднойчы…». Выданне змяшчае 20 вершаў Барадуліна й музыку Камоцкага да кожнага з іх, у выглядзе нотаў і аўдыё-кружэлкі. Да таго ж, кніга аздобленая працамі Джона Кунстадтэра. Амэрыканскі фатограф прадставіў сямейныя партрэты, зробленыя ў беларускай глыбінцы.
— Я лічу Божым дарам тое, што я мог пазнаёміцца з Алесем і з Рыгорам Барадуліным пятнаццаць гадоў таму і супрацаваць з імі. Усе фатографы працуюць са святлом, а музыка — таксама святло, адно што мы яго не чуем, а толькі назіраем.
Вокладку кнігі ўпрыгожваюць традыцыйныя для вясельных ручнікоў галубы з дрэвам жыцця. Аніводнага імя на вокладцы няма. Кожны верш пранумараваны, але змешчаны ў адваротным парадку – ад 20-га да першага. Гаворыць укладальнік Алесь Камоцкі.
— Мы пастаянна адзін аднаму абяцалі, што нешта такое зробіцца і цяпер урэшце рэшт зрабілася. Толькі лірыка. Напісана гэта ўсё было у канцы 90-х, але не выдавалася нармальна, а цяпер — выдалася.
З’яўленне кнігі «Каб аднойчы…» прымеркаванае да дня народзінаў Рыгора Барадуліна, які будзе святкавацца 24 лютага.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: budzma.by